На тэрыторыі загубленага ўладамі завода «Строммашына» цяпер будзе забаўляльная пляцоўка. Колькі яшчэ патэнцыйных “пляцовак” ёсць у Магілёве?
«Строммашына», калісьці была гонарам Магілёва, з 2015 года спрабавала дыверсіфікаваць вытворчасць, знайсці новыя рынкі збыту, але гэтыя спробы не прынеслі поспеху.
Санацыя прадпрыемства цягнулася з 2015 па 2023 год і… Як гэта часта бывае з лукашэнкаўскімі санацыямі, прывяла да канчатковага банкруцтва завода і продажу яго маёмасці з малатка.
Заводская прахадная, якая вывела ў людзі многіх з “моцных гаспадарнікаў”, што цяпер кіруюць Магілёўскай вобласцю, канчаткова зачынілася ў сакавіку 2023 года.
Цяпер на тэрыторыі былога завода ўлады рэалізуюць “амбіцыйны” праект, які дасць гораду новыя працоўныя месцы і новы фармат для шопінгу і сямейнага адпачынку.
Такім чынам, сем гектараў, над якімі калісьці гучаў завfдскі гудок, зноў узяты магілёўскімі чыноўнікамі пад “поўны кантроль”.
Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Антон Бельскі сцвярджае, што зноў каардынуе працэс.
Чым заканчваюцца падобныя “каардынацыі”, мы ўжо ўбачылі на прыкладзе завода. Не-не, праект «Строммаш‑City», канечне, рэалізуюць, ён дасць магілёўцам 500 працоўных месцаў, ды і прамысловы патэнцыял “Строммашыны” захоўваюць у выглядзе магілёўскага філіяла БЕЛАЗа.
Але навошта рабіць выгляд, што ўсё добра і банкруцтва “Строммашыны” з самага пачатку было часткай геніяльнага плана банды Лукашэнкі?
Давайце цяпер падлічым, колькі яшчэ патэнцыйных пляцовак для забаў ёсць у Магілёве, і спынімся на двух асноўных.
Прыстаўка “City” выдатна падыдзе для ААТ “Магілёўліфтмаш”, якое нядаўна праваліла заданне па экспарце. І стабільна стратнае ААТ “Магілёўхімвалакно” таксама цалкам саспела для пераўтварэння ў забаўляльную пляцоўку.
Ну, а ўвесь аграпрамысловы комплекс Магілёўскай вобласці хоць цяпер аддавай пад шопінг і сямейны адпачынак.
У калгасы пачнуць прыязджаць турысты. Яны будуць разглядаць разваленыя кароўнікі, а экскурсаводы распавядуць ім пра тое, як трыццаць гадоў неабгрунтаваных амбіцый і эканамічнай безграматнасці прывялі да таго, што краіна ператварылася ў вялікую забаўляльную пляцоўку.
Фота “Беларусь Сегодня”.