Што з кіраўніком клуба гістарычнай рэканструкцыі Паўлам Пастуховым (Станкевічам) – невядома.
Сёння, 17 снежня, магілёўскі клуб сярэдневяковай культуры “Барысфен” быў прызнаны Міністэрствам унутраных спраў “экстрэмісцкім фармаваннем” – паведамляе “Вясна”. Клуб «Барысфен» быў заснаваны яшчэ ў канцы 1990-х гадоў і ўваходзіць у структуру Магілёўскага гарадскога цэнтра культуры і адпачынку і мае званне Народнага калектыва. Касцюмаваныя выступленні ўдзельнікаў клуба дзесяцігоддзямі ўпрыгожвалі галоўныя гарадскія вулічныя святы і акцыі, шматлікія мерапрыемствы ў Магілёве і вобласці.
Заснавальніка і бяссменнага кіраўніка клуба Паўла Пастухова (пазней – Станкевіча) затрымалі больш за месяц таму, ён адсядзеў двойчы па 15 сутак – пісалі mogilev.media. Паводле інфармацыі ад розных крыніц, пасля адсідкі Павел быў адпушчаны на волю. Але прыкладна ў той жа самы дзень, калі дайшла інфармацыя пра тое, што ён на свабодзе, з’явілася новая – паводле якой, Паўла зноў затрымалі.
Паводле непацверджаных звестак, над ім зноў адбыўся адміністрацыйны суд. У якім статусе ён знаходзіцца зараз – невядома. Цалкам магчыма, што прызнанне рыцарскага клуба “экстрэмісцкім фармаваннем” прывядзе да крымінальнага пераследу самаго Паўла Пастухова (Станкевіча) і яго паплечнікаў. Паводле МУС, дачыненне да клуба маюць Павел Станкевіч, Павел Лішанкоў, Дзмітрый Далячка.