З дэлегатамі з Магілёва, што выязджалі на лукашэнкаўскае “веча”, развітваліся так, быццам яны адляталі на Марс.
Дэпутатаў-дэлегатаў, што ехалі на ВНС з плошчы Леніна ў Магілёве, набілася ажно тры аўтобусы. Перад ад’ездам самапрызначаныя дэлегаты ўжо каторы раз распавялі пра свае надзеі на ўласнае лепшае жыццё, якое ім дасць зборышча падхалімаў Лукашэнкі.
Праслаўленне з’езда пачалося задоўга да яго пачатку. Дэлегаты з захапленнем распавядалі пра лёсавызначальныя рашэнні, якія будуць прыняты, у кожным адпаведным і неадпаведным месцы.
Сама адпраўка ў дарогу з плошчы Леніна выглядала даволі камічна. Многія дэлегаты з’явіліся з аб’ёмнымі чамаданамі: ехаць жа цэлых дзве гадзіны і вяртацца не хутка, таму без зменнай бялізны і варанай курыцы, загорнутай у прамаслены нумар “Магілёўскіх ведамасцей”, ніяк не абысціся.
Віталіся так, быццам не сядзелі разам яшчэ днём у кабінетах аблвыканкама, а сустрэліся пасля доўгага расстання.
Фальшывая радасць у чаканні сустрэчы з Лукашэнкам магла б спаборнічаць па ўзроўні пастановачнасці са знакамітай сцэнай адыходу цеплахода “Міхаіл Святлоў”.
Хто ведае, што за лікаванне іх яшчэ чакае, калі дэлегаты вернуцца ў Магілёў, падзарадзіўшыся энергіяй ад састарэлага кіраўніка.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”