правы бацькоў

У Горацкім раёне бабуля папрасіла пазбавіць бацькоўскіх правоў дачку і зяця

Састарэлай жанчыне надакучыла, што ані дачка, ані зяць не займаюцца сваімі малымі дзецьмі, і іх пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Як паведамляе пракуратура, з лютага гэтага года маці аднагадовай дзяўчынкі і двухгадовага хлопчыка сістэматычна сыходзіла з дому, пакідаючы дзяцей на бабулю. Акрамя таго, за супрацьпраўныя паводзіны гора-маці прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. Бацька больш за год сумесна з сям’ёй не пражывае, удзелу ў выхаванні і ўтрыманні дзяцей не прымае, працяглы час не працуе і жыве за кошт выпадковых заробкаў.

Яшчэ раней, з траўня 2024 года па люты 2025 года дзеці прызнаваліся як такія, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паколькі бацькі не выконвалі важныя для іх медыцынскія рэкамендацыі.

Праца з сям’ёй вынікаў не дала. Ужо ў жніўні дзяцей зноў прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з-за амаральнага ладу жыцця бацькоў, злоўжывання імі сваімі правамі і жорсткага абыходжання з дзецьмі. Акрамя таго, было ўстаноўлена неналежнае расходаванне дапамогі па доглядзе за дзецьмі.

Паколькі бацька і маці высноў для сябе не зрабілі, то бабуля малалетніх прасіла абараніць правы і законныя інтарэсы дзяцей, у тым ліку шляхам прыняцця выключнай меры – пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў.

У выніку ў суд звярнулася пракуратура Горацкага раёна і непуцёвых дарослых пазбавілі бацькоўскіх правоў. Рашэнне пакуль у законную сілу не ўступіла.

Фотаздымак: пракуратура Горацкага раёна