Дырэктар арганізацыі-пастаўшчыка “падвёў пад манастыр” намесніцу дырэктара камерцыйнай фірмы, даўшы ёй хабар і распавёўшы пра гэта міліцыі.
Паміж фірмай, дзе працавала жанчына, і арганізацыяй-пастаўшчыком у сакавіку 2024 года быў заключаны дагавор пастаўкі. Пры гэтым доўгі час ён не рэалізоўваўся. Тады знаёмы жанчыны, ён жа дырэктар фірмы-пастаўшчыка, у ліпені 2025 года дамовіўся аб пастаўцы з 5%-ым адкатам ёй. Так і было зроблена – тавар быў пастаўлены, аплочаны, а жанчына 12 жніўня атрымала хабар у 100 рублёў.
Усё было б ціха і спакойна, але дырэктар пайшоў у міліцыю і заявіў на сваю знаёмую, паведаміўшы пра хабар. Ужо ў верасні, пры правядзенні міліцэйскіх мерапрыемсваў, ён зноў перадаў ёй 250 рублёў за тыя ж паслугі – праўда, грошы былі мечаныя і выданыя спецыяльна для таго, каб затрымаць хабарніцу.
На працэсе ў судзе Ленінскага раёна Магілёва жанчына сваю віну прызнала, раскаялася. Ёй прысудзілі два з паловай гады “хатняй хіміі”, штраф у 14 700 рублёў і забарону цягам пяці гадоў займаць кіраўнічыя пасады. Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.
Фотаздымак з адкрытых крыніц