А як паступалі ў падобных выпадках з быхаўскімі чыноўнікамі, таксама здольнымі прыкласціся да сваіх блізкіх – чытайце ў нашым матэрыяле.
Нядаўна ў Быхаве на адкрытым пасяджэнні асудзілі мужчыну, які ў рэстаране, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ударыў сваю сужыцельку бутэлькай па галаве.
Судзілі быхаўчаніна ў адкрытым пасяджэнні ў мясцовым РАУС і прыгаварылі да папраўчых работ тэрмінам на 10 месяцаў з утрыманнем 15 працэнтаў заработку на карысць дзяржавы.
Трэба сказаць, што аргумент у выглядзе ўдару бутэлькай па галаве для Быхава хоць і не звычайная з’ява, але і не надзвычайнае здарэнне. Райцэнтр ніколі не прэтэндаваў на званне культурнай сталіцы вобласці ці перамогу ў конкурсе раёна высокай культуры быту.
Прычым асаблівай вытанчанасцю манер ніколі не адрозніваліся ні звычайныя быхаўчане, ні члены “вертыкалі” Лукашэнкі.
Бывала так, што:
- начальніца быхаўскага прадпрыемства біла нядбайных падначаленых гумавым шлангам;
- старшыня райвыканкама пачынаў працоўную раніцу не з планёркі, а з праверкі самаадчування сваіх намеснікаў алкатэстарам;
- дырэктар УКП “Быхаўскі жылкамгас” трапляў у ІЧУ пасля п’янай сваркі з жонкай.
Праўда, адкрытых пасяджэнняў або хоць бы таварыскіх судоў па гэтых выпадках не праводзілася, а меры ўздзеяння да быхаўскай эліты былі мякчэйшыя, чым папраўчыя работы.
Выглядала гэта так:
- начальніцу, якая не развітвалася са шлангам, з пашанай адправілі на заслужаны адпачынак;
- ад старшыні раёна, які змагаўся за цвярозасць, пазбавіліся пад падставай таго, што ён не здолеў зрабіць вясковае возера прыдатным для рыбалкі;
- дырэктара-скандаліста перавялі кіраваць камунальным прадпрыемствам у Шклоў.
Такім чынам, галоўнымі прыярытэтамі для Быхава, што б там ні казаў Лукашэнка ды Ісачанка, былі і застаюцца кіно, віно і даміно, а ўсе навіны можна звесці да слоў класіка: “зноў п’юць тут, б’юцца і плачуць”.