Демидовичи

Паміж царствам вечнай мерзлаты і каралеўствам цяпла ў Касцюковічах – чатыры кіламетры

Ці гатовы гандаль на вёсцы да Новага года? Касцюковіцкія журналісты праверылі гэта на прыкладзе двух магазінаў – у вёсках Дзямідавічы і Тупічына.

Друкаваны орган Касцюковіцкага райвыканкама, правяраючы гандаль на вёсцы, ацаніў сітуацыю ў двух сельскіх магазінах – і вось што атрымалася:

  • магазін № 104 у Дзямідавічах сустрэў журналістаў «шалёным холадам». На паліцах – падгнілыя яблыкі, морква, зморшчаны перац. Навагодніх фруктаў не было зусім. На частцы тавараў адсутнічалі цэннікі. Салодкія падарункі – толькі па замове;
  • у магазіне № 250 у Тупічына ўсё інакш: цёпла, чыста, акуратна, паліцы поўныя, вітрыны блішчаць. Цытрусавыя ёсць, марожанае – ажно 17 відаў, зала ўпрыгожаная па-навагодняму, прадавец працуе ўпэўнена.

Тупичино
Трэба прызнаць, што касцюковіцкая газета, не ў прыклад іншым «раёнкам», дзе ўсё «узвейваецца-развейваецца», часта падымае вострыя тэмы.

Але ў выпадку з двума паралельнымі рэальнасцямі ў магазінах аднаго прадпрыемства, у адным раёне – відавочны перабор. 

Не бывае ні шалёнага холаду, ні пякельнай спёкі ў магазінах райспажыўтаварыства. І рэзкіх кантрастаў там не бывае. Ні шатка, ні валка – вось звычайная норма Белспажыўсаюза. Дзесьці лепш, дзесьці горш, але сітуацыя прыкладна аднолькавая.

Ну, а тое, што намеснік старшыні райвыканкама Святлана Смолікава распавядае пра нейкі маніторынг – казкі венскага лесу.

Сумная сутнасць у тым, што ўлады Касцюковіч нават не змаглі захаваць сваё райспажыўтаварыства як самастойную структуру – цяпер гэта ўсяго толькі падраздзяленне Мсціслава. Усё астатняе – дэталі.

Фота раённай газеты.