Новы год

Магілёўскія навагоднія цуды: мала чараўніцтва, шмат абсурду

Магілёўскія цуды ў рэшаце: партыя «Белая Русь» падарыла дзецям 450 рублёў, грамадзяне, якія званілі на прамую лінію, прасілі «дэпутата» Горошкіна ўдасканаліць крымінальны кодэкс, а Дзед Мароз сказаў, што ён нікога не запалохвае.

Чараўніцтва без снегу і запалохванняў

У парку Падніколья адкрылася рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Снегу не было, а галоўны зімовы чараўнік Магілёўшчыны прыбыў у сваю рэзідэнцыю, як цяпер модна, пасля аўтапрабегу па горадзе.

Перад тым як крыху акунуцца ў атмасферу казкі, добры чараўнік, нібыта адказваючы на невыказаны дакор, абвясціў, што «беларускі Дзед Мароз не запалохвае, ён усё прабачае і заўсёды дорыць падарункі».

У краіне, дзе атмасфера страху даўно ператварылася ў фон, такія заявы гучаць вельмі двухсэнсоўна. Падаецца, што наш Дзед Мароз значна дабрэйшы за Лукашэнку, які нікога не прабачае, дорыць падарункі за кошт бюджэту толькі сваякам, а запалохвае ўсіх запар.

«Дэпутат» Гарошкін і Крымінальны кодэкс

Яшчэ не астыўшы пасля УНС, «дэпутат» Аляксандр Горошкін правёў прамую тэлефонную лінію. Сярод зваротаў – звыклыя дарогі, могілкі і, нечакана… Крымінальны кодэкс. Грамадзяне, калі верыць прэс-рэлізу, прасілі ўдасканаліць артыкулы, якія датычацца злачынстваў непаўналетніх.

дэпутат Гарошкін

З чаго б простым людзям у разгар снежня, калі наперадзе святы, заклапочана разважаць пра ўдасканаленне крымінальнага заканадаўства? 

Падарункі ад партыі: 450 рублёў на шчаслівае дзяцінства

У межах акцыі «Партыя – дзецям» прадстаўнікі партыі «Белая Русь» наведалі Дом дзіцяці ў Магілёве. Былі ўручаны салодкія пачастункі і сертыфікат на суму 450 рублёў – на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Словы падзякі, прамовы пра дабрыню і будучыню, фотасесія – усё як належыць. Але лічба ў 450 рублёў выклікае не столькі замілаванне, колькі сум.
Белая Русь

На фоне агульных выдаткаў магілёўскіх дзяржструктур,  да якіх „Белая Русь“ мае самае непасрэднае дачыненне і рэальных патрэбаў устаноў такая дапамога выглядае сапраўдным ганьбаваннем.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.