Спагнаць 6,9 млн рублёў пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці праз пяць іскаў у суд спрабуе пракуратура Магілёўскай вобласці. Як высветлілася, заключаючы дамовы з замежнымі контрагентамі, магілёўскія прадпрыемствы дзейнічалі сабе ў шкоду.
Па выніках праверкі выканання заканадаўства ў сферы знешнеэканамічнай дзейнасці, якую правяла пракуратура Магілёўшчыны у 2025 годзе, быў выяўлены шэраг парушэнняў. Так, пракуроры зафіксавалі тры факты скажэння статыстычнай справаздачнасці арганізацыямі Магілёва і Шклоўскага раёна. За гэта работнікі, якія дапусцілі такое скажэнне, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Прычым адзін з прыцягнутых здзейсніў аналагічнае правапарушэнне паўторна на працягу года.
“Устаноўлены факты заключэння дагавораў на ўмовах, якія не адпавядаюць эканамічным інтарэсам суб’ектаў гаспадарання, а таксама выпадкі адгрузкі прадукцыі пры наяўнасці з контрагентам пратэрмінаванай знешняй дэбіторскай запазычанасці” – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
За дрэнны нагляд за знешнеэканамічнай дзейнасцю пракуратура аб’явіла афіцыйныя папярэджанні прадстаўнікам дзяржавы ў адным з буйных прадпрыемстваў Магілёва.
Усяго ж у 2025 годзе па выніках праверак у гэтай сферы ў адрас кіраўнікоў правяраемых арганізацый пракуратура вынесла сем прадстаўленняў, пяць прадпісанняў і чатыры пастановы, абвясціла тры афіцыйныя папярэджанні. Па патрабаванні пракурораў восем асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, тры – да адміністрацыйнай.
Таксама пры дапамозе магілёўскіх пракурораў у 2025 годзе ў трох арганізацыях вобласці ўдалося пагасіць пратэрмінаваную знешнюю дэбіторскую запазычанасць на звыш 208 тыс. рублёў.
Фотаздымак: пракуратура Магілёўскай вобласці