Жарсці вакол стаматалагічнага абслугоўвання насельніцтва ў Касцюковічах улегліся ці чакаць новага вітка абурэння? У горадзе, дзе стаматалагічная паліклініка прымала запісы на прыём усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі, але выдавала ўсяго 12 талонаў у дзень на ўвесь раён, нешта, здаецца, змянілася.
Прынамсі, так лічыць раённая газета, якая паведаміла, што з 1 студзеня:
- запіс на тэрапеўтычны прыём «сёння на заўтра» ажыццяўляцца не будзе;
- выдача талонаў да ўрача-стаматолага-тэрапеўта, зубнога фельчара будзе адбывацца па папярэднім запісе пры непасрэдным звароце ў рэгістратуру і па тэлефоне на працягу ўсяго працоўнага дня з 8.00 да 20.00. Запіс адкрыты на 3 месяцы наперад;
- ёсць магчымасць запісацца праз інтэрнэт у медыцынскай інфармацыйнай сістэме «Лекар»;
- хірургічны прыём стаматалагічных пацыентаў ажыццяўляе зубны фельчар, талоны выдаюцца «сёння на заўтра» ў 17.00 па тэлефоне;
- пацыенты з вострым болем прымаюцца ў дзень звароту.
Пра тое, што прынцып «сёння на заўтра» трэба тэрмінова адмяняць, ўжо казала намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Валянціна Манушэнка.
І вось мары замстаршыні спраўдзіліся. Толькі вось як гэта палепшыць сітуацыю ў паліклініцы, якая выдае 12 талонаў у дзень, незразумела. Праблема “дванаццаці”, звязаная перш за ўсё з недахопам кадраў, нікуды не знікне.
Падаецца, што аналітычныя здольнасці Манушэнкі даюць збой, і даводзіцца пераходзіць да больш простых прыкладаў. Накшталт таго, што са скуры аднаго зайца можна пашыць і сем шапак, але зусім маленькіх.
Фота раённай газеты.