Суровы міністр унутраных спраў Іван Кубракоў нечакана праявіў такую пяшчоту да магілёўскага ліцэіста, што на вочы практычна навяртаецца сляза. Навучэнец Магілёўскага ліцэя МУС убачыў у тэлеграм-канале сваёй навучальнай установы паведамленне пра конкурс, запісаў з дапамогай ШІ крэатыўны зварот да кіраўніка МУС і папрасіў у Кубракова сабаку. Міністр просьбу пачуў і прывёз у Магілёў шчанюка.
Няма чаго і казаць: усе былі шчаслівыя, а Іван Кубракоў у той дзень шмат казаў пра дзяцей і сваю любоў да іх.
Кубракоў, які непасрэдна адказвае за бязлітасна жорсткае падаўленне пратэстаў беларусаў і наступныя рэпрэсіі супраць уласнага народа, наўрад ці стане папулярнейшым сярод людзей праз падоранага ім сабачку.
Бо сотні тысяч беларускіх дзяцей, бацькоў якіх Кубракоў і яго паплечнікі выціснулі з краіны дзеля ўратавання дрыжачай галавы Лукашэнкі, сустракаюць Новы год далёка ад Радзімы.
Многія з іх ужо завуць Дзеда Мароза на мовах тых краін, што далі ім прытулак. І наўрад ці калі-небудзь даруюць гэта дзядзячку Івану.