Павел Пастухов

Кіраўнік рыцарскага клуба “Барысфен” пад крыміналкай – крыніцы

Стала вядома, што адбываецца з кіраўніком рыцарскага клуба “Барысфен” пры Магілёўскім гарадскім доме культуры Паўлам Пастуховым (Станкевічам). Пасля адсідкі двух адміністрацыйных арыштаў запар, Павел быў ненадоўга выпушчаны на волю – паведамлялі mogilev.media. 

Пазней з’явілася інфармацыя, што кіраўнік рыцарскага клуба зноўку затрыманы, але заставаўся няясным яго статус. Сярод абазнаных крыніц гаворка вялася пра адміністрацыйны суд над Паўлам Пастуховым пасля новага затрымання. Аднак, гэта выглядала дзіўна на фоне абвяшчэння сілавікамі Народнага калектыва “Рыцарскі клуб “Барысфен”” пры Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і адпачынку “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Цяпер жа дасведчаныя крыніцы mogilev.media паведамляюць, што супраць Паўла Пастухова (Станкевіча) заведзеная крымінальная справа. Выглядае, што невялікая перадышка паміж адміністрацыйнымі арыштамі, дадзеная Паўлу ў пачатку снежня, была спробай выціснуць выбітнага дзеяча і папулярызатара сярэдневяковай беларускай культуры ў эміграцыю. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”