Пацверджана: унікальны задыякальны коўш паходзіць са Слаўгарада

Як пісалі два з паловай гады таму mogilev.media, паступова раскрываецца загадка аднаго з самых дзіўных старажытных беларускіх артэфактаў. Навукоўцы зараз дакладна высветлілі, што ўнікальны задыякальны коўш з музея ў Аколіцы патрапіў туды са Слаўгарада.

Коўш, выраблены з бярозавага капа, які экспануецца ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Аколіцы, заўсёды знаходзіўся пад пільнай увагай навукоўцаў і нараджаў самыя неверагодныя тэорыі.

Яго галоўная загадка — дванаццаць малюнкаў у медальёнах, якія апяразваюць вонкавы бок вырабу. Навукоўцы бачаць у іх старажытны задыяк або язычніцкі каляндар.

Лічылася, што коўш цудам ацалеў у руінах царквы або манастыра пасляваеннага Гродна.

Аднак даследчыкі абверглі гэтую легенду. Высветлілася, што да рэвалюцыі артэфакт знаходзіўся ў калекцыі Магілёўскага музея. Затым трапіў у Мінск, а падчас Другой сусветнай вайны быў вывезены ў Германію і захоўваўся ў горадзе Кобленц.

Пасля перамогі ўнікальны артэфакт вярнулі ў СССР і коўш трапіў у Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Даследчыкам удалося прасачыць дарэвалюцыйны шлях каўша і высветлілася, што згодна з музейным апісаннем 1898 года, коўш паступіў у магілёўскі збор з царквы Нараджэння Багародзіцы ў Прапойску.

Нягледзячы на тое, што артэфакт усё ж мае магілёўскае паходжанне, трэба аддаць належнае гродзенскім навукоўцам. Менавіта яны выявілі задыякальны роспіс пад пазнейшым пластом жывапісу, які адлюстроўваў хрысціянскіх святых.

Цяпер здагадкі пра тое, што коўш быў прывезены з Расіі (гэта яшчэ адна гіпотэза), абвергнуты. Дакладна вядома, што коўш — узор магілёўскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва часоў ВКЛ, а час стварэння каўша можна аднесці нават да XV–XVI стагоддзяў.

братчына

Фота: academia.edu.