Гэтая зіма чамусьці стала асабліва суровым выпрабаваннем для Крычава.
Горад гэтай зімой ліхаманіць. То ў разгар цыклону чыноўнікі заяўляюць, што паведамленняў пра снежныя заносы не паступала, то накідваюцца на кіроўцаў маршрутных таксі, якія ўладкоўваюць сабе навагодні адпачынак, то рапартуюць пра тое, што са снегам удалося справіцца.
Удалося дык удалося, але, відаць, УКПП «Камунальнік», вядомае сваёй прагнасцю да бюджэтных сродкаў, не вытрымала напружання снежнага крызісу. Новая крычаўская праблема – смецце з прыватнага сектара не вывозіцца ўжо два тыдні, нягледзячы на тое, што ўсе дарогі расчышчаны.
Жыхары мікрараёна «Піянерская» кажуць, што сабранае, але не вывезенае смецце разцягваюць па вуліцах бадзяжныя сабакі. Аналагічная сітуацыя і ў іншых раёнах горада. Прычым паведамляе пра гэта раённая газета, якая чакае ад камунальнікаў тлумачэнняў.
Відавочна, цяпер уладам давядзецца разбірацца ўжо з сабакамі і журналістамі, якія следам за маршрутчыкамі і цыклонам выйшлі з-пад кантроля.
Фота: раённай газеты.