Пруднікава

“Які снег? Улады знішчылі Крычаў!” – жыхары горада ў шаленстве

Крычаўляне, відаць, канчаткова расчараваліся ў мясцовай вертыкалі.

Платформа “Tik-Tok” стала месцам, дзе абураныя гарадскім бардаком жыхары Крычава масава выказваюць прэтэнзіі да ўладаў. 

А нядаўна да крытыкі УКПП «Камунальнік» далучыўся нават друкаваны орган райвыканкама. Газета «Крычаўскае жыццё», якая звычайна расхвальвае дасягненні, заклікала камунальнікаў да адказу за невывезенае смецце, якое разцягваюць па вуліцах бадзяжныя сабакі.

крычаў

Пры гэтым старшыня мясцовага савета «дэпутатаў» і адначасова кіраўніца крычаўскай брыгады «Белай Русі» днямі была ўзнагароджана памятным знакам «Залаты фонд», які ўручалі ў Магілёве самым актыўным партыйцам.

Гэтая ўзнагарода не першая: Ірына Віктараўна была ўзнагароджана дыпломам «Чалавек года Магілёўшчыны» ў 2020 годзе, а годам раней атрымала ганаровае званне «Чалавек года Крычаўскага раёна».

А ў 2024 годзе пасля ўзлому базы дадзеных беларускага КДБ было выяўлена вялікае пісьмо з крытыкай дзейнасці былога старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Сядукова. 

Аўтар даносу абвінаваціў старшыню ў тым, што той «забіў веру ў светлую будучыню».

У тым жа пісьме згадвалася і Пруднікава, якая, карыстаючыся службовым становішчам, лабіруе інтарэсы свайго сына – кіраўніка раённай службы вневедамаснай аховы.

І вось Андрэя Сядукова змяніў Аляксей Шарай, а Ірына Пруднікава працягвае змагацца за светлую будучыню Крычава і атрымліваць узнагароды.

Рэакцыя Ірыны Віктараўны на любую з праблем, асабліва тых, што абвастрыліся ў апошні час, зводзіцца да пагрозы напісаць ліст у вышэйстаячую інстанцыю.

Выглядае гэта смешна, але ствараецца ўражанне, што раёнам кіруе зусім не Аляксей Шарай, а штатны «чалавек года» з “залатога фонда”. 

Не выпадкова ж Пруднікава аднойчы заявіла, што праз «Белую Русь» кожны можа ўплываць на сучаснасць і будучыню сваёй краіны. Яна і ўплывае. Прынамсі на дабрабыт сваёй сям’і і на хаос у Крычаве.