анкета

Магіляўчанка абурылася пытанню аб заробках у школьнай анкеце

У магілёўскіх школах ад бацькоў патрабуюць паведаміць у анкеце, колькі яны зарабляюць. 

“Для чаго гэтая інфармацыя нашаму настаўніку??? У малодшай дачкі такіх пытанняў не было, адна і тая ж школа. PS. натуральна я нават не збіралася ўказваць колькі я зарабляю”, – напісала ў Трэдс жыхарка Магілёва пад нікам belohvostova_a, дадаўшы здымак часткі анкеты.

Карыстальнікі вельмі жыва адгукнуліся на такое паведамленне. Некаторыя сталі жартаваць, маўляў, гэта для таго, кабб ведаць, колькі збіраць на шторы. Хтосьці прапанаваў накіраваць скаргу ў пракуратуру, а іншыя напісалі, што ў іншых школах такога няма. Нехта параіў проста не адказваць на гэтае пытанне.

“Бачачы такія анкеты, вельмі хочацца спачатку прачытаць анкеты настаўнікаў і школьнай адміністрацыі і зразумець, чым і як яны жывуць, ці вартыя навучаць і выхоўваць нашых дзяцей, колькі зарабляюць, з кім пражываюць, чым займаюць у вольны ад працы час, якія маюць хобі і захапленні і ды т. п.” – выказала сваё меркаванне alena_sh1982.

“Скажу як настаўнік, вы можаце не пісаць суму да капейкі. Словы “высокі”, “сярэдні”, “нізкі” проста існуюць. Адносна заробку бацькоў, дзіцяці могуць даваць розныя плюшкі, калі заробак нізкі, магчымыя кампенсацыі за абед, дапамогу ў канцылярыі (могуць падарыць) і наогул шмат усяго. Так што настаўнікаў ворагамі хопіць выстаўляць”, – паспрабаваў абараніць настаўнікаў amenicxss.

На гэта яму рэзонна адказвае mandarinenbaum.pino: “І як даюць гэтыя плюшкі? Напішаш “нізкі даход” і дадуць, ці ўсё ж такі даведка аб даходах патрэбна? Ацэньваць даход можна па рознаму, адна і тая ж сума камусьці высокі даход, а камусьці нізкі. Калі пакладзены ільготы, то пісаць трэба – тыя, у каго даход менш такой сумы, для атрымання ільготных абедаў прынясіце такую даведку і ўсё”.

“У гэтай анкеце не пазначана ні падстава збору дадзеных, ні іх далейшы кірунак апрацоўкі і захоўвання. Тэрмін захоўвання таксама не пазначаны. Такія анкеты запаўняць нельга”, – у сваю чаргу катэгарычна заяўляе 5boomfly. 

Агулам на пост адгукнулі ў каментарах каля 200 чалавек.

Фотаздымак: Трэдс belohvostova_a

← Усе навіны Магілёва