крадзяжы

Жыхарка Клічава праз розныя хітрыкі чатыры месяцы крала ў магазіне тавары

Неаплата ўзважаных тавараў ці аплата па меншым кошце – так ў Клічаве шматдзетная маці спрабавала знізіць свае выдаткі на жыццё.

Са студзеня па красавік 2026 года клічаўлянка рэгулярна хадзіла ў адзін з магазінаў буйной гандлёвай сеткі. Але за частку прадуктаў харчавання, бытавой хіміі, сродкаў гігіены і іншых тавараў яна не плаціла альбо знаходзіла спосаб заплаціць менш.

Схем было некалькі. У адных выпадках жанчына сканавала тавары і атрымлівала папярэдні чэк, але да аплаты ў касіра справа ўжо не даходзіла. У другіх – пры ўзважванні выбірала ў сістэме больш танны тавар, чым той, які насамрэч збіралася набыць.

Усё “зламалася” 6 красавіка. Жанчына паспрабавала такім жа чынам вынесці тавараў больш чым на 50 руб., але на выхадзе з гандлёвай залы яе спыніў ахоўнік.

Пасля падлікаў высветлілася, што за некалькі месяцаў пакупніца паспела бясплатна вынесці з магазіна тавараў больш як на 770 руб. З улікам апошняй няўдалай спробы агульны кошт таго, што яна спрабавала скрасці, склаў каля 830 руб.

Справа дайшла да суда. Там жанчына цалкам прызнала віну і добраахвотна кампенсавала нанесеную шкоду. Клічаўскі райсуд улічыў яе раскаянне, кампенсацыю шкоды, а таксама тое, што жанчына выхоўвае траіх малалетніх дзяцей. У выніку шматдзетнай зладзейцы прызначылі год пазбаўлення волі, але з гадавой адтэрміноўкай. Калі за гэты час яна не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя судом абавязкі, у калонію ёй ісці не давядзецца.

Прысуд пакуль у законную сілу не ўступіў.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва