Магілёўцы Усевалад Мачэкін і Усевалад Бутвянкоў, якіх лічаць датычных да рыцарскага клуба “Барысфен”, сталі фігурантамі крымінальнай справы аб удзеле ў так званым “экстрэмісцкім фармаванні”. Арганізатар клуба Павел Станкевіч – на волі.
Міністэрства ўнутраных спраў на працягу трох месяцаў двойчы дадавала імёны 20-гадовага Усевалада Мачэкіна і 18-гадовага Усевалада Бутвянкова ў так званы «пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта піша MAYDAY.
У кастрычніку 2025 года ведамства прызнала сувязь Мачэкіна і Бутвянкова з тэлеграм-каналам Sandӓr, у якім сілавікі, па ўсёй верагоднасці, знайшлі прыкметы рэабілітацыі нацызму. У дадзены момант тэлеграм-канал недаступны.
У снежні 2025 года МУС яшчэ раз згадала прозвішчы Мачэкіна і Бутвянкова ў «пераліку» як асоб, якія маюць дачыненне да “экстрэмісцкага фармавання” ў выглядзе рыцарскага клуба “Барысфен”. Апроч іх, у спісе таксама значыцца рэканструктар Павел Станкевіч (Пастухоў).
Затрыманні ў “Барысфене” пачаліся у лістападзе 2025 года. Менавіта тады і былі затрыманыя Мачэкін, Бутвенкаў і Станкевіч. Апошні быў некалькі разоў адміністрацыйна арыштаваным, а потым на яго завялі крымінальную справу.
Паводле інфармацыі mogilev.media, Павел Станкевіч зараз знаходзіцца на волі.
Мачэкін і Бутвенкаў у дадзены момант знаходзяцца ў следчым ізалятары Магілёва, ім прад’яўлена абвінавачванне ў рамках Крымінальнага кодэкса, аднак падрабязнасцяў справы няма.
На момант затрымання абодвум хлопцам было 19 і 18 гадоў адпаведна. 10 студзеня Усеваладу Мачэкіну споўнілася 20 гадоў.
Фотаздымак: gck-mogilev.by