Ірына Пруднікава

У Крычаве, здаецца, пачалася “гульня тронаў”

Двойчы чалавек года і “дэпутат” трох скліканняў, Ірына Пруднікава абяцае Крычаву росквіт, але ёй перашкаджаюць камунальнікі, вандроўныя сабакі і кіроўцы маршрутных таксі.

Днямі, у крычаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі прайшло выступленне Ірыны Пруднікавай. Яе ўважліва выслухалі два дзясяткі чалавек.

Дэлегат усенароднага сходу, старшыня раённага савета “дэпутатаў” старшыня павятовага палітбюро “Белай Русі”, чалавек года Крычаўшчыны, чалавек года Магілёўшчыны, уладальнік памятнага партыйнага знака “Залаты фонд” і маці начальніка крычаўскага аддзялення пазаведамаснай аховы Пруднікава ў чарговы раз праславіла эру Лукашэнкі.

Яна напірала на моцныя рэгіёны, рост чагосьці і транслявала пакрытыя павуціннем тэзісы трыццацігадовай даўніны.

Крычаў

А мы проста працягнем знаёміцца ​​з біяграфіяй самых яскравых дэпутатаў Магілёўшчыны, сярод якіх Ірына Віктараўна – зорка не апошняй велічыні.

Ёй шэсцьдзесят два гады, дваццаць з якіх яна аддала працы ў райспажыўтаварыстве. У час работы, завочна, трэба меркаваць, скончыла Гомельскі кааператыўны інстытут па спецыяльнасці эканаміст.

Прайшла шлях ад прадаўца да старшыні праўлення райспажыўтаварыства, а калі ўперлася ў столь кар’ернага росту ў гандлі, то ў 2003 годзе перайшла ў райвыканкам – у аддзел эканомікі. 

У 2017 годзе Пруднікаву прызначылі старшынёй раённай рады “дэпутатаў”. Узнагароды і званні пасыпаліся на Ірыну Віктараўну як з рога багацця. Часам, праўда, у бочцы мёда з’яўляліся лыжкі дзёгцю. 

Так у даносе, накіраваным у КДБ, Пруднікаву абвінавачвалі ў тым, што яна празмерна апякуе крычаўскую пазаведамасную ахову і дрэнна ўплывае на былога старшыню райвыканкама Андрэя Седукова. 

На першы погляд, можа падацца, што Пруднікава выконвае толькі дэкаратыўныя функцыі. 

Але з іншага боку, дама з белкаапсаюзаўскай хваткай і доўгім пералікам званняў можа з’яўляцца сур’ёзным удзельнікам крычаўскай “гульні тронаў”.

Бо камяні, якія раённая газета кідае ў агарод УКПП “Камунальнік”, могуць прызначацца старшыні райвыканкама Аляксею Шараю, які, па чутках, паставіў на чале камунальнага прадпрыемства свайго чалавека. 

На чыім баку Ірына Пруднікава – пакуль незразумела. Зрэшты сітуацыя хутка высветліцца. Калі нават крычаўская “раёнка” перастане рэзаць праўду-матку, пра тое, што адбываецца ў раёне, раскажуць самі крычаўляне цераз сацыяльныя сеткі.

Фота раённай газеты.