Кацярына Музычэнка

Як аграном Музычэнка стала галоўным ідэолагам Магілёўшчыны – знаёмімся

Галоўны ідэолаг Магілёўскай вобласці, аграном па адукацыі, Кацярына Музычэнка вучыць членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп сеяць разумнае, добрае, вечнае.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка праводзіць інструктыўна-метадычныя семінары і не стамляецца нагадваць іх удзельнікам самыя трапныя выказванні Лукашэнкі.

Напрыклад, на апошнім семінары Кацярына Анатольеўна акцэнтавала ўвагу ідэолагаў на аўтарскай фразе, якая «пайшла ў народ» – «Час выбраў нас», а мы паспрабуем разабрацца, дзе, калі і як час выбраў яе.

Музычэнка пяцьдзясят гадоў. Нарадзілася яна ў пасёлку Дрыбін. У 2000 годзе скончыла сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «аграномія» і адразу ж адправілася жаць ураджай на палетках… аддзела па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама.

З 2005 па 2012 год працавала начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, а ў 2012 годзе стала намеснікам старшыні Клімавіцкага райвыканкама.

У 2015 годзе Кацярына Анатольеўна ўмацавала свае веды ў акадэміі кіравання Лукашэнкі, а ў 2017 годзе атрымала пасаду, на якой працуе і па сённяшні дзень.

Афіцыйную біяграфію Кацярыны Музычэнка ўдалося адшукаць толькі на састарэлай версіі сайта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе яна названа дзяржаўным дзеячам.

Дзеячы такога кшталту ў Беларусі звычайна не распаўсюджваюцца пра свае жыццёвыя шляхі-дарогі, каб у народных мас не ўзнікала няёмкіх пытанняў. А між тым, Музычэнка няма чаго хаваць – не кожнаму аграному ўдаецца пасеяць у аблвыканкаме столькі разумнага, добрага і вечнага.

Фота афіцыйнага сайта Магілёўскага аблвыканкама.