«Сенатар» Ірына Пятрусевіч

Сінхранізацыя па Пятрусевіч: «сенатар» сустрэлася са сваімі журналістамі

Пра лёсаносныя рашэнні УНС Ірына Пятрусевіч распавяла сваім падпарадкаваным журналістам «Магілёўскіх ведамасцяў».

Ірыне Пятрусевіч, дырэктарцы інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці», давялося сустракацца са сваімі ж журналістамі ў ролі «сенатара» і распавядаць пра важнасць сінхранізацыі дзеянняў улады, медыя і грамадства.

Сустрэча «прайшла ў фармаце жывога дыялогу», падчас якога супрацоўнікі рэдакцыі змаглі задаць Пятрусевіч пытанні.

Сінхранізуйся, не сінхранізуйся – а там недалёка і да раздваення асобы. Зараз ты сенатар, а праз гадзіну ўжо галоўны рэдактар.

Ну, а адным з яскравых прыкладаў «сінхранізацыі» а-ля Пятрусевіч з’яўляюцца самі «Магілёўскія ведамасці», якія сёння даведзеныя да крайняй ступені інфармацыйнага знясілення. 

А вось раённая газета «Голас Касцюкоўшчыны» на агульным сумным фоне абласной прапаганды, наадварот, вылучаецца тым, што час ад часу ўздымае вострыя тэмы.

У свой час «сенатар» менавіта там спрабавала сваё пяро. І, магчыма, таму, што Пятрусевіч, пераехаўшы ў Магілёў, пакінула шматпакутную Касцюкоўшчыну ў спакоі, справы ў «раёнкі» пайшлі нядрэнна.

Фота «Магілёўскія ведамасці».