М.@rt.кантакт

На сёлетнім “М.@rt.кантакце” будуць тэатры толькі з Беларусі, Расіі і Казахстана

“М.@rt.кантакт” працягвае драбнець – зноў толькі адзін тэатр па-за межаў т.зв. Саюзнай дзяржавы сёлета прыме ў ім удзел. 

Згодна афішы, якая з’явілася ў тэлеграм-канале “Магілёўскіх ведамасцяў”, свае спектаклі ў Магілёве прадставяць 17 тэатраў. Практычна ўсе яны з Беларусі і Расіі. Адзіным выключэннем стаў тэатр з Казахстана, які праўда зусім не казахскі – Дзяржаўны рускі драмтэатр імя Дастаеўскага з горада Семей (да 2007 года меў назву Сяміпалацінск). Тэатральны форум пройдзе з 20 па 27 сакавіка 2026 года.

У 2025 годзе па-за межаў т.зв. Саюзнай дзяржавы быў толькі тэатр з Азербайджана, калі не лічыць акцёраў з “ЛНР”.

Дарэчы, кошты на білеты даволі адчувальна падраслі. Так, калі летась сярэдні кошт быў каля 70 рублёў, то цяпер – каля 90. 

У 2025 годзе было паказана 24 спектаклі, і практычна кожны дзень ішло па тры ці нават чатыры спектаклі. Цяпер жа 17 спектакляў і толькі ў два дні з сямі па тры спектаклі, у астатнія – па два.

Калі ж узгадаць “М.@rt.кантакт” дзесяцігадовай даўніны, то ў 2016 годзе ў Магілёў прыязджалі, акрамя беларускіх, тэатральныя калектывы з Германіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Расіі, Балгарыі, Арменіі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц