У Касцюковічах ездзілі на гусях і елі іх

У аграгарадку Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна прайшло гусінае свята.

Свята «Гусінае» адзначаюць у аграгарадку Белая Дуброва Касцюковіцкага раёна ўжо трыццаць гадоў. У апошні дзень студзеня тут ладзяць гусіныя забегі і частуюцца стравамі з гусяціны.

Белая Дуброва даўно лічыцца гусінай сталіцай Касцюковіч, і цяпер на 25 падворках тут утрымліваюць каля 100 птушак.

На фестывалі гаспадыні гусей дзяліліся з гасцямі інфармацыяй пра тое, як правільна даглядаць гэтую свавольную птушку, а таксама пра тое, якую карысць можна атрымаць ад гуся, які, як высветлілася, умее нават прадказваць халоднае надвор’е, калі стаіць на адной лапе.

Самым відовішчным момантам свята лічацца гусіныя забегі на дыстанцыю ў 15 метраў, а самым пажыўным – абрад дзялення гуся.

Не менш займальным аказаўся і «гусіны» рэпартаж журналістаў БелТА, якія ў рускамоўным тэксце бралі слова «свята» ў двукоссе.

Фота БелТА.