куртка з падагрэвам

У Бабруйску зноў “пачалі” выпускаць курткі з падагрэвам

Перад маразамі студзеня-лютага 2026 года сеціва абляцела “навіна”, якой ужо амаль два гады, пра выпуск у Бабруйску куртак з падагрэвам.

“Куртка з падагрэвам – сапраўдная знаходка для тых, хто моцна мерзне. Адшываць такія пухавікі пачалі па падказцы Лукашэнкі ў Бабруйску”, – радасна паведаміла 26 студзеня 2026 года праўладная БелТА са спасылкай на тэлеканал “Беларусь 1” у паведамленні. Праўда, невядома з чаго радасць – ці ўласна ад выпуска курткі, якую “пачалі вырабляць на бабруйскай фабрыцы “Славянка”, ці ад таго, што яна з’явілася па падказцы Лукашэнкі.

Каб чытачы, а разам з імі журналісты, якія бяздумна перадрукавалі такую “навіну” ў сваіх выданнях, не расчараваліся ў нясвежасці паведамлення, БелТА не ўзгадала, што пра такую куртку з Бабруйска пісалі яшчэ амаль два гады таму.

Так, 19 сакавіка 2024 года ў газеце Бабруйскага гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” пісалі, што 15 сакавіка паступілі ў продаж курткі з падагрэвам. “Адным націскам кнопкі бяспечныя карбонавыя ніткі пададуць у 3 награвальных элемента (2 – на грудзях, 1 – на спіне) патрэбнае цяпло. Гэта зойме не больш за 30 секунд. Ёсць тры рэжымы працы: чырвоны (45-55 °C), сіні (35-45 °C) і зялёны (25-35 °C). Працягласць працы абагравальніка ад пауэрбанка ёмістасцю 10000 mAh – да 5 гадзін. Для зручнасці яго нашэння ёсць дадатковая кішэнь на патаемнай маланцы. Выраб можна чысціць і сціраць ў машыне-аўтамаце. Кошт куртак вагаецца ў раёне 200 рублёў”, – гаварылася ў гарвыканкамаўскім артыкуле, нават без узгадкі, з чыёй падказкі з’явілася такая цудоўная куртка. 

Праўда, не абыйшоў увагай галоўнага ідэйнага натхняльніка бабруйскіх мадэльераў дырэктар “Славянкі” Тэймураз Бачарышвілі. “Гэту ідэю нам падказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка”, – пісала два гады таму тое ж “Бабруйскае жыццё” ў сваім Інстаграме.

Пакінуўшы ў баку пытанні бяспечнага карыстання такой электрычнай курткі і яе чысткі, з цяперашняга паведамлення БелТА і з інфармацыі двухгадовай даўніны паўстае толькі адно пытанне. Няўжо ў Беларусі на фабрыках адзення ўвогуле няма каму сачыць за тым, што адбываецца на сусветных рынках? Бо калі б было, то гэтыя людзі маглі б заўважыць, што такія курткі з падагрэвам з’явіліся ў продажы не адзін дзясятак гадоў таму і без падказкі нейкага чалавека з Беларусі.

Скрыншот: blisstulle.com