У мінулым незалежны, а цяпер цалкам праўладны паблік у Фэйсбуку “Могилев Live” запусціў дзіўную па цяперашніх часах рубрыку “Нашы за мяжой”.
“Магілёўцы па ўсім свеце – мы хочам расказаць вашы гісторыі!” – звяртаюцца адміністратары “Могилев Live” – “Сябры, калі вы родам з Магілёва ці Магілёўскага раёна, але цяпер жывяцё за мяжой – мы шукаем вас!”
Тлумачыцца такі інтарэс запускам новай рубрыкі «Нашы за мяжой». “Хочам паказаць, як жывуць магілёўцы ў розных краінах свету: шчыра, па-сапраўднаму, без глянцу. Нам важна не «дзе лепш», а як гэта – жыць удалечыні ад дома, што адчуваеш, аб чым сумуеш і што знаходзіш зноўку” – распавядаецца ў тэксце абвесткі.
Далей ідуць пытанні, многія з якіх вельмі падобныя на апытальны ліст са спробы сілавых ведамстваў усталяваць кантакт з палітычнымі эмігрантамі: “У якой краіне і горадзе вы цяпер жывяцё?”, “Як вы там апынуліся, – гэта быў свядомы крок або паварот лёсу?”, “Што стала самым складаным у першыя месяцы жыцця за мяжой?”, “Ці быў момант, калі хацелася ўсё кінуць і вярнуцца ў Магілёў?”, “Ці адчуваеце вы сябе “дома” там, дзе жывяцё цяпер?”.
Таксама прапануецца дадаваць фотаздымкі “горада, сябе, паўсядзённага жыцця”. Пры гэтым аўтары паста сцвярджаюць, што гісторыі можна публікаваць ананімна. Пры гэтым, аднак, не тлумачыцца, якім чынам магчыма захаваць ананімнасць у інтэрнэце, калі тыя ж самыя сілавыя ведамствы не толькі сцвярджаюць, што такое немагчыма, але і на практыцы даказваюць гэта.
“Магілёў – гэта не толькі кропка на карце. Гэта людзі. Нават калі яны цяпер за тысячы кіламетраў” – заклікае эмігрантаў адгукнуцца “Могилев Live”.
І эмігранты адразу адгукнулся – каментары пад пастом ад 2 лютага 2026 года не прымусілі сябе чакаць. “Можа не трэба?” – запытаўся эміграваўшы ў 2021 годзе магілёўскі экаактывіст Сяргей Пехцераў, якога да гэтага арыштоўвалі і ў якога сілавікі канфіскоўвалі аўтамабіль, працоўны камп’ютар і тэлефон з-за бел-чырвона-белай налепкі на машыне. “Гэта чаму?” – робіць выгляд, што нічога не ведае адміністратар пабліка.
“Збіраюць базу аб тых, хто з’ехаў” – піша Уладзіслаў Вішнявецкі, месцам жыхарства якога пазначаны Марсель. “Добрая спроба, таварыш маёр”, – дадае карыстальнік Andrei Mogilev.
Фотаздымак: “Могилев Live”