парк Святое возера

У Магілёве чакаюць ідэі па дабраўпарадкаванні парка каля Святога возера

Магілёўскія ўлады абвесцілі конкурс канцэпцый добраўпарадкавання парку каля Святога возера.

Нагадаем, што на чыноўніцкай мове гэты парк мае савецкую прапагандысцкую назву “Парк імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка”. Яго стварылі ў 1970-я гады мінулага стагоддзя як нібыта прыродны бар’ер, які мусіў абараняць горад ад забруджвання, звязанага з вытворчасцю хімічнага валакна. Аднак рэальнай ахоўнай функцыі гэтая зялёная зона так і не выканала. Пасадкі праводзіліся на тэрыторыі былога тарфяніка, засыпанага пяском, што істотна ўскладняла рост дрэў. 

У выніку за амаль паўстагоддзя там не з’явілася ні магутных дубоў, ні высокіх бяроз. Дрэвы растуць слаба, часта сохнуць, і на іх месцы рэгулярна высаджваюць новыя саджанцы, якім, паводле назіранняў, наканаваны той самы лёс. З цягам часу тэрыторыя парку паступова змяняецца і часткова забудоўваецца: спачатку там узвялі Магілёўскую дзіцячую школу мастацтваў № 3, а пазней – касцёл Святога Антонія.

Напрыканцы 2025 года старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў, распісаўшыся на адной з сустрэч з людзьмі ў няздольнасці мясцовых улад згенераваць ідэю дабраўпарадкавання парка, звярнуўся да маладых магілёўцаў. “Давайце абвесцім конкурс ідэй – як магілёўцы бачаць гэта месца. Так што пачынайце фантазіраваць і прапаноўваць!” – пераклаў свае абавязкі лукашэнкаўскі прызначэнец на магілёўскае насельніцтва.

І вось у лютым 2026 года гарвыканкам абвяшчае конкурс. Прыняць удзел у ім запрасілі юрыдычных асоб незалежна ад формаў уласнасці, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць практычны вопыт праектавання і рэалізацыі праектаў. Такім чынам, заклік “фантазіраваць і прапаноўваць” адрасаваны не ўсім, а толькі тым, хто мае практычны вопыт праектавання і рэалізацыі праектаў. Навошта тады чыноўнік Чарткоў звяртаўся да ўсіх магілёўцаў? 

Ну а ўласна конкурс будзе праводзіцца да 16 красавіка 2026 года.

Фотаздымак: Яндэкс.Карты

← Усе навіны Магілёва