На Магілёўшчыне на чыгунцы значна ўзрасла колькасць смяротных выпадкаў

Стала вядомая статыстыка нясчасных выпадкаў на БЧ за 2025 год. У Магілёўскім аддзяленні адзначаецца найвялікшы ўзровень траўматызма.

 

Згодна інфармацыі “Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі”, усяго ў краіне летась загінулі тры работнікі чыгункі. Два з іх працавалі ў Магілёўскім аддзяленні. У 2024 годзе на Магілёўшчыне смяротных выпадкаў траўміравання не было. Акрамя таго, у Магілёўскім аддзяленні меў месца нясчасны выпадак з цяжкім зыходам. Пазалетась такіх выпадкаў было тры. 

 

Як адзначаецца ў прыведзеным “Супольнасцю” аналізе стану аховы працы, прамысловай бяспекі, аховы здароўя работнікаў на Беларускай чыгунцы за 2025 год, найбольш высокі ўзровень траўматызма (53% ад усіх нясчасных выпадкаў) адзначаецца ў Брэсцкім і Магілёўскім аддзяленнях.

 

Акрамя таго, у гаспадарцы электрыфікацыі і электразабеспячэння адбылося два нясчасныя выпадкі са смяротным зыходам з работнікамі Брэсцкай і Магілёўскай дыстанцый электразабеспячэння.

 

Да таго ж у сельскагаспадарчым дачынным прадпрыемстве “Авангард” Магілёўскага аддзялення меў месца нясчасны выпадак са смяротным зыходам з кіроўцай аўтамабіля.

 

У аналізе адзначаецца, што ў Брэсцкім і Магілёўскім аддзяленнях незадавальняючая арганізацыя работы па сістэме кіравання аховай працы і фармальны падыход у шэрагу структурных падраздзяленняў, дзе назіраецца наўпроставая прычынна-выніковыя сувязі паміж невыкананнем патрабаванняў аховы працы і ростам траўматызма.

 

У якасці прыкладу прыводзіцца тое, што ў Магілёўскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў нізкі ўзровень арганізацыі работы па забеспячэнні бяспечных умоў працы (у гаражах пры працуючых машынах не адчыняюцца дзверы, у бляшаным цэху складзіраваны лісты бляхі на праходзе і г.д.). У той жа час у Крычаўскай дыстанцыі пуці не абсталявана працоўнае месца па наплаўцы рэек. 

 

Сярод іншых праблем, якія выявіліся ў Магілёўскім аддзяленні, гэта незадавальняючая праца камісій структурных падраздзяленняў па кантролю якасці выдаваемых працаўнікам сродкаў індывідуальнай аховы. Таксама маюцца недахопы ў санітарна-бытавым забеспячэнні.

 

Што ж тычыцца прамысловай бяспекі, то і тут Магілёўскае аддзяленне сярод праблемных.  Напрыклад, у 2025 годзе зацверджаныя спісы небяспечных аб’ектаў, якія трэба было абследаваць, выконваліся не ў поўным аб’ёме. 

 

У сувязі з ростам траўматызму ў гаспадарцы электрыфікацыі і электразабеспячэння БЧ быў праведзены шэраг адпаведных мерапрыемстваў, аднак у Магілёўскай дыстанцыі электразабеспячэння чамусьці не набылі манекен-трэнажор для адпрацоўкі навыкаў аказання сардэчна-сасудзістай рэанімацыі. Адзначаецца і недахоп кадраў, так Магілёўскай дыстанцыі электразабеспячэння з кастрычніка 2025 года вакантна пасада спецыяліста па ахове працы.

 

За ўвесь 2025 года на БЧ адбылося 105 выпадкаў пагаршэння здароўя работнікаў на працоўных месца (у 2024 годзе – 94). Пры гэтым у Магілёўскім аддзяленні – 19. Больш толькі ў Баранавіцкім – 29. 

 

Як падагульняе “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”, у цэлым становішча з забеспячэннем норм і ўмоў аховы працы на БЧ не змянілася. Па-ранейшаму назіраецца перапіска дзеля перапіскі і стварэнне віду бурлівай дзейнасці замест распрацоўкі і ўкаранення сапраўды неабходных і эфектыўных, у тым ліку тэхнічных, мер, накіраваных на папярэджанне і выключэнне вытворчага траўматызму.

 

Фотаздымак: “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”

← Усе навіны Магілёва