Дзевяць жыхароў Мінска і Гомеля сталі ахвярамі махлярства: жыхарка Магілёва падманвала людзей, прапаноўваючы ім нібыта ў арэнду кватэры ў розных гарадах Беларусі.
Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, 32-гадовая жанчына знаходзіла ў тэматычных супольнасцях сацыяльных сетак аб’явы людзей, якія шукалі жыллё для здыму. Яна звязвалася з імі і прапаноўвала «выгадныя» варыянты кароткатэрміновай арэнды.
Каб стварыць уражанне надзейнасці, магіляўчанка высылала патэнцыйным кліентам фатаграфію свайго пашпарта і здымкі нібыта кватэр, якія здаваліся. Умоваю браніравання быў задатак.
Пасля таго як грошы паступалі на рахунак, жанчына спыняла зносіны і не адказвала на званкі і паведамленні.
Супрацоўнікі аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Кастрычніцкага РАУС Магілёва выявілі і спынілі гэтую схему. У дачыненні да жанчыны ўзбуджана крымінальная справа. Ёй пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Фотаздымак з адкрытых крыніц