Каля вёскі Масток у Магілёўскім раёне супрацоўнікі ДАІ спынілі легкавы аўтамабіль і знайшлі ў салоне і багажніку каністры з афарбаваным дызельным палівам – каля 300 літраў. Далей аператыўнікі Магілёўскага РАУС высветлілі, у каго кіроўца яго купіў.
Прадаўцом аказаўся 54-гадовы індывідуальны прадпрымальнік з аднаго з аграгарадкоў раёна. Паводле дамовы ён здаваў мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі ў арэнду два свае трактары і сам на іх працаваў – і падчас пасяўной, і падчас жніва. Схема, паводле апісання міліцыі, была такой:
- Раніцай перад зменай прадпрымальнік запраўляў бакі трактароў палівам сельскагаспадарчай арганізацыі.
- Увечары зліваў са сваёй тэхнікі рэшткі саляркі ў каністры.
- Пазней прадаваў назапашанае знаёмаму.
Такім чынам з падсправаздачы знікла каля 580 літраў афарбаванага дызельнага паліва. Цяпер яно канфіскавана і вернута гаспадарцы, у дачыненні да прадпрымальніка ўзбуджаная крымінальная справа.
У той жа дзень пра тое ж самае адрапартавалі ў Клічаўскім раёне. Намеснік пракурора расказаў раённай газеце на зернесушыльным комплексе ў вёсцы Стаялава пра тое, што нагляд за жнівом вядзецца на пастаяннай аснове і парушэнні выяўлены ў шэрагу гаспадарак. З канкрэтыкі:
- з пачатку жніва 2026 года паводле артыкула пра дробны крадзёж да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты пяць чалавек – з гаспадарак раёна знікалі паліва, камбікорм і іншыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці;
- у вытворчасці раённага аддзела Следчага камітэта ёсць крымінальная справа аб прысваенні: кіроўца адной з сельскагаспадарчых арганізацый доўгі час выносіў давераныя яму запчасткі і дызельнае паліва;
- шкода па гэтай справе перавысіла тры тысячы рублёў.
Для Магілёўшчыны сюжэт не новы. Увосень 2025 года высветлілася, што на поўначы вобласці больш за ўсё паліва крадуць у Шклоўскім раёне. А работнік аўтатранспартнага парка Быхаўскага кансервавага завода расказваў, што салярку там кралі пры ўсіх «антыкрызісных» дырэктарах, а пад канец гандлявалі ёю проста з тэрыторыі прадпрыемства. Асабліва зручна было ў сезон, калі на палях працавала мноства тэхнікі.
Варта спыніцца на слове «афарбаванае». Фарбу ў паліва дадаюць і ў іншых краінах, але там яна вырашае падатковую задачу: салярка для пазадарожнай і сельскагаспадарчай тэхнікі ідзе па паніжанай стаўцы, і колер не дазваляе заліць таннае паліва ў бак легкавога аўтамабіля. Паліва пры гэтым ужо належыць таму, хто яго купіў, і дзяржава ловіць не злодзея, а неплацельшчыка.
У Беларусі фарбавальнік працуе інакш – ён ахоўвае казённую маёмасць ад тых, каму яе ж і выдалі. Салярка трапляе ў рукі чалавеку, які ёю не валодае, для працы на зямлі, якой ён таксама не валодае. Таму і артыкулы атрымліваюцца не пра акцыз, а пра крадзёж і прысваенне.
У магілёўскай гісторыі абедзве паловы сышліся ў адным чалавеку: трактары свае, салярка агульная, і са сваіх бакаў ён зліваў чужую цэлую пасяўную і цэлае жніво. Але справа не ў ім. У Клічаве гэта кіроўца, у Быхаве быў аўтатранспартны парк, у Шклове – адразу цэлы раён. Прозвішчы і пасады мяняюцца, умова застаецца адна: побач гаспадарка, у якой ёсць падсправаздачнае паліва і няма гаспадара.
