Быхаўскі замак

Быхаўская арыфметыка: як раёнка лічыць польскія мільярды на плот ад Лукашэнкі

Пакуль у Польшчы будуюць умацаванні на мяжы з Беларуссю, у Быхаве, мяркуючы па ўсім, заняты куды больш важнай справай – уважліва падлічваюць, колькі грошай палякі трацяць на тое, каб трымацца далей ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Мясцовая раённая газета, здаецца, вырашыла выступіць у ролі бухгалтэрыі Варшавы: пералічыць усе равы, бункеры і кіламетры калючага дроту і з шчырым абурэннем паведаміць чытачам, што на ўсё гэта сыходзяць мільярды.

Карціна, якую малюе раёнка, простая і кранальная: палякі нібыта «закапваюць грошы ў зямлю», будуючы ўмацаванні на мяжы. Праўда, у гэтай арыфметыцы чамусьці забываюць адну маленькую дэталь. Канцэпцыя «Еўропы без межаў» ніколі не распаўсюджвалася на краіны, якія дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны. А Беларусь сёння, на жаль, менавіта такая краіна-саагрэсар, і чакаць ад рэжыму Лукашэнкі можна чаго заўгодна.

Таму нядзіўна, што Польшча аддае перавагу ўмацаванню мяжы. Дзіўна хутчэй іншае – здзіўленне быхаўскіх прапагандыстаў. З такім жа поспехам можна здзіўляцца, чаму суседзі зачыняюць дзверы, калі ў доме насупраць пасялілася кампанія людзей з сумніўнай рэпутацыяй.

Асабліва камічна ўсё гэта гучыць з Быхава. Раён, які даўно лічыцца адным з самых карумпаваных у Магілёўскай вобласці, раптам перажывае за тое, як менавіта Польшча распараджаецца сваімі грашыма.

Можна падумаць, што калі б польскія мільярды выпадкова апынуліся тут, яны імгненна ператварыліся б у адрэстаўраваны Быхаўскі замак, а не былі б, як заўсёды, скрадзены.

Таму Польшча і будуе свой «Усходні шчыт». Магчыма, гэта дорага. Магчыма, месцамі нават выглядае як вяртанне да сярэднявечча. Але ў Варшаве, прынамсі, аддаюць перавагу траціць грошы на бяспеку, а не на артыкулы пра тое, як няправільна іншыя распараджаюцца сваімі мільярдамі.

А калі ўжо казаць пра тое, ад чаго сапраўды варта было б адгарадзіцца, то для Быхаўскага раёна калючага дроту было б відавочна недастаткова. Тут больш падышла б кітайская сцяна. Каб не бачыць таго, як раённая прэса лічыць чужыя грошы, ігнаруючы ўласную ўбогую рэальнасць.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

← Усе навіны Магілёва