пракурорша

Пракуратура на Магілёўшчыне ўсё актыўней улязае ў выхаванне дзяцей

Рэдкі ранішнік ці свята ў дзіцячым садку ў Магілёўскай вобласці цяпер абыходзіцца без прысутнасці пракурораў.

Дзіцячы садок №18 правёў мерапрыемства прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. На ім дзецям не распавядалі пра тыя змены ў Асноўным законе краіны, якія дазволілі адной і той жа асобе без якіх-кольвечы абмежаванняў займаць галоўную пасаду ў дзяржаве дзесяцігоддзямі. Таксама нічога не сказалі пра тое, што раней Беларусь імкнулася быць нейтральнай і без’ядзернай, а цяпер, насуперак той жа Канстытуцыі, з яе тэрыторыі ўрываліся войскі на тэрыторыю суседняй мірнай краіны. 

Затое на святкаванні прысутнічала старшы памочнік пракурора Магілёва Кацярына Зубрыновіч. Зразумела, прысутнічала не ў цывільным адзенні, а як належыць пракурору пры выкананні службовых абавязкаў – ва ўніформе з пагонамі. Па меркаванні гарадской пракуратуры, якая і ініцыянавала гэтае мерапрымства, такая прысутнасць яшчэ больш натхняе дзяцей любіць Беларусь і быць лаяльным грамадзянінам. 

Праўда, нешта падказвае, што ад такога вобразу Беларусі ў пагонах, ад якога смярдзіць казёншчынай, нараджаецца не любоў і нават не нянавісць, а звычайная агіда. Можа гэта, насамрэч, і ёсць галоўная мэта, якую паставілі перад сабой ініцыятары мерапрымства ў дзіцячым садку пад наглядам пракурора.

Нагадаем, што днямі ў чэрыкаўскім дзіцячым садку №1 напярэдадні Дня Канстытуцыі прайшло мерапрыемства «Пісьмо пра Беларусь». На яго запрасілі памочніцу пракурора Чэрыкаўскага раёна Таццяну Аўчыннікаву. Менавіта перад ёй выхаванцы старэйшых груп дэманстравалі засвоеныя «ўрокі патрыятызму».

Фотаздымак: ТГ Генеральнай пракуратуры РБ

← Усе навіны Магілёва