Нямецкія журналісты знайшлі дом Дзмітрыя Шынвізэ, які перабраўся ў Германію пасля службы ў бабруйскай калоніі №2.
Былы супрацоўнік пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі Дзмітрый Шынвізэ, вядомы як адзін з кіраўнікоў бабруйскай калоніі №2, пасля пераезду ў Германію аказаўся ў цэнтры ўвагі міжнародных медыя. Журналісты нямецкага выдання Welt am Sonntag змаглі вызначыць яго месца жыхарства ў горадзе Шверын.
Паводле іх звестак, Шынвізэ, які раней узначальваў аператыўна-рэжымную частку калоніі, скарыстаўся нямецкімі каранямі і атрымаў статус «позняга перасяленца». Пасля гэтага ён змяніў імя на Dimitri Schönwiese і разам з жонкай пераехаў у федэральную зямлю Мекленбург – Пярэдняя Памеранія, дзе вёў непублічнае жыццё.
Аднак ананімнасць аказалася часовай. Раней пра яго паведамляла выданне «Наша Ніва», а пазней расследаваннем зацікавіліся і нямецкія журналісты. Яны наведалі дом Шынвізэ, аднак сам ён на кантакт не пайшоў: дзверы адчыніла яго жонка, якая пасля размовы патэлефанавала мужу. Той забараніў перадаваць журналістам свае кантактныя дадзеныя і не адказаў на пісьмовыя запыты.
Паводле сведчанняў былых зняволеных, якіх цытуе «Наша Ніва», Шынвізэ характарызуецца як чалавек, які праяўляў асаблівую жорсткасць у адносінах да асуджаных. Яго нават называюць «кончаным садыстам».
Тым часам нямецкія праваахоўныя органы ўжо звярнулі ўвагу на гэтую гісторыю. Федэральнае крымінальнае ведамства Германіі распачало праверку «абставін і магчымага ўдзелу дадзенай асобы ў патэнцыйных злачынствах супраць чалавечнасці». Вынікі расследавання пакуль не агучаныя, як і не паведамляецца, ці працягваецца яно.
Фотаздымак: тэлеграм-канал “Мая краіна Беларусь”
