Праваабарончы цэнтр “Вясна” апублікаваў поўны спіс беларускіх палітвязняў, якіх вызвалілі і памілавалі па выніках перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле самога спецпасланніка, вызваліць 250 чалавек удалося шляхам «дастаткова жорсткіх перамоваў» з беларускімі ўладамі. 15 чалавек з усіх вызваленых былі дэпартаваныя ў Літву, 235 засталіся ў Беларусі.
Mogilev.media вывучылі поўны спіс вызваленых палітвязняў і знайшлі ў ім чатырох жыхароў Магілёўскай вобласці. Гэта Аляксандра Дуброўская, Аляксей Мельнікаў, Марына Храмцова з Магілёва і Аляксандр Маркін з Бабруйска. Спіс яшчэ будзе дапаўняцца.
Аляксандра Дуброўская, настаўніца, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.
Аляксей Мельнікаў (на фота) быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, 9 жніўня 2020 года і асуджаны да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней да гэтага тэрміну яму былі дададзеныя яшчэ паўтары гады. Сярод інкрымінаваных магілёўцу артыкулаў – удзел у беспарадках, захоўванне зброі і непадпарадкаванне адміністрацыі турмы. Мельнікаў прызнаў віну толькі па артыкуле 295 Крымінальнага Кодэкса (Незаконнае захоўванне зброі).
Марына Храмцова, прадпрымальніца, гэтаксама як і Дуброўская, была асуджаная 4 верасня 2025 года на тры гады па “Справе дваравых чатаў”.
Аляксандр Маркін быў затрыманы 5 траўня 2025 года па “справе Гаюна”. У студзені 2026 года ён быў асуджаны, верагодна, да хатняй хіміі.
Фота: “Вясна”
