Валерыя Хурсана ціха адправілі на пенсію з філіяла «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». Без лішніх пытанняў, без падвядзення вынікаў, без спробы ўспомніць, чым менавіта запомніліся яго месяцы на чале прадпрыемства.
А між тым гісторыя Валерыя Хурсана (на загалоўным фота) – гэта не пра кіраванне заводамі. Гэта пра тое, як адно прозвішча паслядоўна аказваецца побач з рознымі патокамі прадукцыі – спачатку віннай і кансервавай, потым – з малочнай.
Хурсан кіраваў філіялам нядоўга, каля 15 месяцаў: з снежня 2024 года да сакавіка 2026-га.
Нагадваем, што да прыходу на «Бабушкина крынка» Хурсан працаваў у сістэме ААТ «Магілёўаблхарчапрам» і быў першым намеснікам дырэктара ААТ «Кампанія “МогНат”» – структуры, якая займалася пладова-ягаднымі вінамі. А паралельна ў Быхаве разгортвалася іншая, ужо сямейная гісторыя.
Яго сын, Ігар Хурсан, працаваў намеснікам дырэктара па камерцыйных пытаннях на ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод». І менавіта там, у фірменнай краме раптам з’яўлялася магілёўскае «вінішка» – без накладных. Супадзенне, канешне. Проста бацька – у віннай тэме, а сын – у месцы, дзе гэта віно як бы вельмі зручна рэалізуецца.
Але гэтым гісторыя не абмежавалася.
Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод у выніку скончыўся класічна: банкруцтва, ліквідацыя і крымінальная справа. Антыкрызісны кіраўнік Аляксандр Марозаў атрымаў 7,5 года пазбаўлення волі.
Ігар Хурсан у гэтай жа сістэме працаваў намеснікам дырэктара па камерцыі – то бок знаходзіўся ўнутры ўсёй гэтай «эфектыўнай гаспадарчай дзейнасці», якая прывяла да прысуду і закрыцця прадпрыемства. Але ў фінале сеў Марозаў. А Хурсан-малодшы – не.
Пасля гэтага яго бацька Валерый Хурсан атрымлівае ўжо малочнае прадпрыемства – філіял «Быхаўскі» ААТ «Бабушкина крынка». А яго сын, да таго часу ўжо гандлюе малочнай прадукцыяй у Расіі. Сямейная спецыялізацыя проста мяняе асартымент: было віно і кансервы – стала малако.
Ніякіх высноў з гэтай гісторыі публічна зроблена не было. Ні наконт дзіўных перасячэнняў бізнесу і пасад, ні наконт таго, як адно і тое ж прозвішча стабільна аказваецца побач з патокамі прадукцыі – спачатку віннай, потым малочнай.
І вось Хурсан сыходзіць на пенсію. З падзякамі.
Хоць уся гэта гісторыя больш падобная не на кар’еру «моцнага гаспадарніка», а на акуратна выбудаваную сямейную схему, дзе дзяржаўныя прадпрыемствы аказваюцца зручнай інфраструктурай для мутных спраў.
Прыкметна, што лепш за ўсё яны рэалізуюцца ў Быхаўскім раёне – самым карумпаваным рэгіёне вобласці, з якім не можа справіцца нават грозны Лукашэнка, які не даруе сямейных бізнесаў нікому, акрамя самога сябе.
Што да пераемніка Хурсана, Мікалая Шапялевіча, якога ў артыкуле раённай газеты прадстаўлялі як дырэктара ААТ «Могилевская фабрика мороженого», то ён у свой час з’яўляўся намеснікам старшыні Магілёўскага райвыканкама.

Здаецца, кар’ера гэтага чыноўніка пакацілася пад гару.
Фота раённай газеты.
