У Магілёве з моста праз Днепр упала дзяўчына, але акалічнасці падзення дагэтуль не раскрываюцца.
Выпадак адбыўся ўвечары 19 сакавіка 2026 года. Згодна паведамленню ратаўнікоў, дзяўчына ўпала з моста і яе нясло цячэннем, пакуль дзіўную купальшчыцу не выратаваў сведка здарэння. Згодна размешчанаму ў тэлеграм-канале Таварыства выратавання на водах фотаздымку, усё гэта адбывалася ў раёне паміж мостам імя Яшына і тралейбусным прыпынкам каля Быхаўскага базара.
Пра сітуацыю паведамілі амаль усе магілёўскія СМІ, у прыватнасці, праўладны паблік “Могилев Live” у Фэйсбуку. На пастаўшае ў аднаго з карыстальнікаў пытанне, а якім жа чынам дзяўчына апынулася ў Дняпры, “Могилев Live” адказаў, што “ёсць моманты, пра якія забаронена пісаць. Вось гэта той выпадак”. Кім і чаму забаронена, былы незалежны паблік не паведамляе.
Не развейвае туман сакрэтнасці і расповяд выданню Оnliner маладога чалавека, які выцягнуў дзяўчыну з вады. Хаця падрабязнасцяў здарэння стала больш. Паводле маладога чалавека па імені Сяргей, ён стаяў на прыпынку, чакаў транспарт і ўбачыў чалавека, які тоне. “Падышоў бліжэй – заўважыў, што гэта дзяўчына. Думаў, што ўжо нежывая. Адразу разгубіўся, але патэлефанаваў у 102. Дзяўчына не крычала, знясілеўшы, апускала галаву ў ваду. Заўважыў, што яна рухаецца, значыць, ёсць шанец на выратаванне. Не раздумваючы, хутка распрануўся і скокнуў. Падплыў, адразу схапіў яе за руку і майку. Усё здарылася вельмі хутка, на працягу хвіліны” – распавёў ён.
Паводле магілёўца, на тануўшай не было верхняга адзення — толькі футболка, штаны і туфлі. На выгляд – 13-15 гадоў. Цяпер яна знаходзіцца ў бальніцы.
Фотаздымак: ТГ “ОСВОД Беларуси”
