У Магілёве з’явіўся хаб па навучанні выкарыстання штучнага інтэлекту на прадпрыемствах.
У абласным цэнтры лічаць, што знайшлі новы спосаб змагацца з кадравым голадам – навучыць працаваць не людзей, а нейрасеткі. Для гэтага ў абласным цэнтры запусцілі пілотны хаб, які павінен «падцягнуць» мясцовыя прадпрыемствы да ўзроўню сучасных тэхналогій, піша Белта.
Праект рэалізуюць пры ўдзеле ААН і Міністэрства эканомікі Беларусі, а фінансуецца ён, як водзіцца, знешнімі партнёрамі. Мэта амбіцыйная: да 2030 года 70% арганізацый у рэгіёне павінны асвоіць штучны інтэлект, вялікія даныя і іншыя модныя словы з прэзентацый.
Сам хаб выглядае сур’ёзна: тут і цэнтр «Індустрыі 4.0» на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, і цэлая лічбавая платформа «Тэхнапарк 4.0», якая аб’ядноўвае віртуальны тэхнапарк, маркетплэйс і адукацыйную пляцоўку.
Як адзначыў першы намеснік міністра эканомікі Іван Вежнавец, раней усе захапляліся трэндамі, а цяпер прыйшло разуменне, што лічбавізацыя патрэбна «для выніку». Што менавіта лічыць вынікам – пытанне пакуль адкрытае.
Пакуль жа ў Магілёве заклалі «фундамент» і запусцілі інструменты. Цяпер, па словах чыноўнікаў, справа за кіраўнікамі, навукоўцамі і студэнтамі.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
