Дзмітрый Кудзін

У праблемным Глускім лясгасе новы дырэктар

У Глускім лясгасе дрэнныя мінулагоднія эканамічныя паказчыкі прывялі да змены ў кіраўніцтве.

Ад 25 сакавіка 2026 года кіраваць Глускім лясгасам будзе Дзмітрый Кудзін. Яго кандыдатуру ўзгадніў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, які сам, дарэчы паходзіць з вёскі Прыварацце Глускага раёна. Глускі лясгас па выніках мінулага года спрацаваў са стратамі, у сувязі з чым і адбыліся кадравыя перамены.

Згодна інфармацыі тэлеграм-канала міністэрства, глуская лясная гаспадарка – вельмі праблемная. Таксама як і клецкая ў Мінскай вобласці, куды адначасова 24 сакавіка быў прызначаны новы дырэктар Дзяніс Паўловіч. Пралікі ў вытворчай дзейнасці, аднаўленні лясоў, не лепшая кадравая сітуацыя – усім гэтым характарызуюцца абедзьве гаспадаркі. Напрыклад, у Глускім лясгасе вакантныя 50% пасад ляснічых, то бок занята чатыры з васьмі.

“Ёсць нядрэнныя майстры лесу, памочнікі ляснічых – будзем разглядаць іх на павышэнне”, – паабяцаў Дзмітрый Кудзін міністру.

Кар’ерны рост самога Кудзіна даволі імклівы. Літаральна ў студзені гэтага года ён быў прызначаны на пасаду галоўнага інжынера Глускага лясгаса, да гэтага працаваў ляснічым Круглянскага лясніцтва Бялыніцкага лясгаса, некалькі гадоў быў галоўным ляснічым Суражскага лясгаса ў Віцебскай вобласці.

Пры гэтым кіраўнік лясной галіны лічыць Кудзіна і Паўловіча маладымі кіраўнікамі і пасля ўступлення на пасаду параіў “пачынаць жыць з чыстага аркуша”, і асаблівая ўвага павінна быць нададзена эканамічнай сітуацыі ва ўстановах. 

Але не толькі Кудзін будзе надаваць асаблівую ўвагу Глускаму лясгасу. Сітуацыя ў ім яшчэ будзе ўзятая на ручны кантроль у Мінлясгасе. Начальніку ўпраўлення эканомікі і інвестыцый ведамства пастаўлена задача асабіста кантраляваць сітуацыю ў глускіх лясах.

Нагадаем, 12 сакавіка 2026 года ў Глускі лясгас прыязджаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Ігар Малашэвіч. Падставай для такога візіту стала падзенне выручкі і нестабільныя фінансавыя паказчыкі ў пачатку года. Раней стала вядома, што на пасаду галоўнага ляснічага там ўзгоднены Аляксандр Порсік, які апошняе дзесяцігоддзе працуе ў Глускім лясгасе, дзе да нядаўняга часу ўзначальваў Докальскае лясніцтва.

У Мінлясгасе разлічваюць, што новая каманда зможа стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў лясгасе і вярнуць гаспадарцы страчаныя пазіцыі. У сваю чаргу Кудзін атрымаў ад міністра антыкарупцыйную параду – каб не было ніякага кумаўства.

Фотаздымак: Інстаграм gluskles

← Усе навіны Магілёва