Магілёўскія дэпутаты і ідэолагі спрабуюць заручыцца падтрымкай моладзі.
У магілёўскім аблвыканкаме прайшла сустрэча на тэму ролі моладзі ў развіцці самакіравання.
Галоўнымі спікерамі былі “дэпутат-сенатар” Аляксандр Гарошкін, ідэолаг-прапагандыст Алег Пішчанка і рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро – вучоны, які піша навуковыя працы ў суаўтарстве то ці з сваякамі, то ці з аднафамільцамі.
Спікеры звярталі свае прамовы да моладзевага “савета” пры “савеце рэспублікі”. Ключавую заяву зрабіў Аляксандр Гарошкін. Паводле яго слоў, пасля падзей 2020 года быў праведзены сур’ёзны аналіз: мы забыліся пра такі аспект, як выхаванне маладых людзей, і ў выніку ледзь не страцілі нашу краіну. Калі б не кіраўнік дзяржавы, сілавы блок і свядомая частка насельніцтва, маглі б адбыцца непапраўныя наступствы.
Судзячы па ўсім, пад непапраўнымі наступствамі Гарошкін меў на ўвазе тое, што дэпутатаў у Беларусі сталі б абіраць, а не прызначаць па спісе.
У гэтым выпадку і сам Гарошкін, і Пішчанка, і Жудро маглі б многа страціць. Праўда не краіну, а ўсяго толькі мандаты і цёплыя месцы ў мутных структурах па “развіцці і росквіце”.
Фота “Могилевские ведомости”.
