Магілёўскі аблвыканкам стварае камунальнае прадпрыемства, ва ўласнасць якога плануецца перадача некаторых санаторыяў.
Санаторый “Дубравенка”, які знаходзіцца пад Магілёвам і належыць Беларускай чыгунцы, з мінулай восені выставілі на таргі на сайце gostorg.by. Увогуле чыгунка ужо шмат чаго аддала мясцовай магілёўскай уладзе. Так, Палац культуры чыгуначнікаў перайшоў ва ўласнасць Магілёўскага гарвыканкама і стаў філіялам Гарадскога цэнтра культуры. Прылеглы да Палаца культуры спорткомплекс “Лакаматыў” перайшоў ва ўласнасць Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.
Паводле начальніка “Дубравенкі” Ігара Васількова, змена ўласніка плануецца. “Пры Магілёўскім аблвыканкаме будзе створана камунальнае ўнітарнае прадпрыемства – самастойная юрыдычная асоба ў прамым падначаленні Камітэта эканомікі, які і стане заснавальнікам санаторыя замест чыгункі. Сама лячэбна-аздараўленчая ўстанова і далей працягне сваю дзейнасць без якіх-небудзь узрушэнняў”, – распавёў ён “Магілёўскім ведамасцям”.
Такі пераход планаваўся на 1 красавіка 2026 года, але потым чамусьці перанеслі на 1 кастрычніка.
Дарэчы, тое самае, па ўсёй верагоднасці, чакае і санаторый “Сосны”, які належыць “Магілёўхімвалакну”. Выданне Мogilev.in мяркуе, што такі ж лёс напаткае і іншыя санаторыі, і імі стане валодаць Магілёўскі аблвыканкам.
Фотаздымак: Мogilev.in
