Пасля інсульта на стрыме ў блогера даўні дэмакратычны лідар з Магілёва Анатоль Фёдараў аднаўляе сваё здароўе.
Інсульт у Фёдарава адбыўся 23 студзеня 2026 года падчас яго ўдзелу ў жывой трансляцыі блогера Сяргея Пятрухіна. Пасля заканчэння эфіру яго тэрмінова шпіталізавалі.
У размове з «Нашай Нівай» Анатоль Фёдаравіч паведаміў, што стан паступова паляпшаецца. Паводле яго, у цэлым ён адчувае сябе задавальняюча, хоць час ад часу ўзнікае слабасць. Ён ужо можа самастойна хадзіць і абслугоўваць сябе, але пакуль з пэўнымі абмежаваннямі. Кагнітыўныя функцыі амаль не пацярпелі, аднак ёсць праблемы з маўленнем, якія ўсё ж паддаюцца карэкцыі.
Нягледзячы на прагрэс, працэс аднаўлення яшчэ далёкі ад завяршэння. Правая рука працуе дрэнна, таму неабходныя рэгулярныя заняткі з рэабілітолагам. Таксама патрабуецца дапамога лагапеда для аднаўлення маўлення. Акрамя таго, яму патрэбныя дапаможныя сродкі – кіёк і інвалідны вазок.
Фёдараў мае дзяржаўную медыцынскую страхоўку ў Польшчы, аднак яна не пакрывае патрэбны аб’ём рэабілітацыі. З 16 лютага па 20 сакавіка ён праходзіў курс у спецыялізаваным цэнтры ў Варшаве, а ў астатні час знаходзіцца ў адной з клінік горада, якая не прызначаная для рэабілітацыйнага лячэння.
Анатоль Фёдараў – ветэран нацыянальнага руху і актывіст БНФ, яшчэ ў савецкі перыяд быў звязаны з дысідэнцкай дзейнасцю. Раней займаў пасаду намесніка старшыні партыі і кіраваў магілёўскай арганізацыяй. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, за што быў затрыманы. Пасля выезду за мяжу заснаваў «Нацыянальна-дэмакратычную платформу», падтрымлівае ініцыятывы палітолага Дзмітрыя Балкунца, у тым ліку «Ультыматум Лукашэнку» і выступае з крытыкай Офіса Святланы Ціханоўскай.
Калі вы хочаце дапамагчы Анатолю Фёдараву, напішыце ў тэлеграм актывісту Мікалаю Мінкову, які займаецца яго справамі: @gramadzianin. Можна, калі для вас гэта бяспечна, і пералічыць грошы (не з беларускіх і расійскіх банкаўскіх карт) на рахункі Анатоля Фёдаравіча (ANATOL FEDARAU) у Santander Bank:
48 1090 1883 0000 0001 5261 1260 (PLN)
21 1090 1883 0000 0001 5261 1261 (EUR)
Фотаздымак: Радыё Рацыя
