марш-бросок

У Магілёве павышалі «ўзаемны давер» дзяўчат-ваеннаслужачых

Паўсюдная мілітарызацыя Беларусі працягваецца: на Магілёўшчыне дзяўчаты-ваеннаслужачыя прайшлі марш-кідок

У Беларусі працягваецца курс на мілітарызацыю грамадскага і дзяржаўнага жыцця. Чарговым прыкладам стаў марш-кідок сярод дзяўчат-ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, які прайшоў на Магілёўшчыне і быў прымеркаваны да набліжэння Дня Перамогі.

Удзельніцам трэба было прайсці складаны маршрут, прадэманстраваўшы вынослівасць, сілу, навыкі арыентавання, уменне дзейнічаць у камандзе і выконваць баявыя задачы.

Маршрут уключаў пераадоленне перашкод і воднай перашкоды, перанос скрыняў са зброяй, бег у процівагазах, аказанне дапамогі ўмоўным параненым і іх эвакуацыю на насілках. 

У лясным масіве дзяўчаты прайшлі шэсць кіламетраў па перасечанай мясцовасці, арыентуючыся па азімуце. Завяршылася выпрабаванне на стральбішчы: ваеннаслужачыя пераадолелі «паласу разведчыка», штурмавалі апорны пункт і выканалі агнявую задачу.

Нягледзячы на сур’ёзную нагрузку, усе ўдзельніцы справіліся з выпрабаваннем. Па выніках марш-кідка камандзір павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым праходжаннем дыстанцыі, а дзвюм з іх былі прысвоены афіцэрскія званні.

Прадстаўніца першаснай арганізацыі Беларускага саюза жанчын брыгады Ірына Сапраненка заявіла, што галоўная мэта мерапрыемства – умацаванне каманднага духу і «ўзаемнага даверу».

Аднак на фоне падобных заяў пра «ўзаемны давер» Беларусь усё часцей фігуруе ў паведамленнях пра рост ваеннай актыўнасці каля межаў з Украінай.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінская разведка фіксуе ўзмацненне актыўнасці на беларуска-ўкраінскай мяжы. Паводле яго слоў, гаворка ідзе ў тым ліку пра абсталяванне артылерыйскіх пазіцый і будаўніцтва дарог «на тэрыторыю Украіны».

Лукашэнка ж, хоць і асцерагаецца лёсу Мадура, працягвае прасоўваць мілітарызаваную павестку ў інтарэсах Расіі і ўцягваць у яе ўсё новыя групы грамадства.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.

← Усе навіны Магілёва