Адкрыўшы 28 ліпеня свінарнік у Клімавічах, кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты завярнуў у Бабруйск. Першым пунктам візіту стала пасяджэнне на пляцоўцы «Белшыны» – пра вынікі работы прамысловага комплексу рэгіёна за студзень-чэрвень.
Галоўную лічбу Круты падаў як дасягненне. Валавы рэгіянальны прадукт выйшаў на ўзровень ста працэнтаў, і гэта, паводле яго слоў, пазітыўны момант. У наступнай жа фразе прагучалі паўтара працэнта невыканання паўгадавога задання, даведзенага ўрадам. Так што паказчык адначасова і ўзяты, і не ўзяты.
Астатнія лічбы змякчаць не сталі:
- прамысловая вытворчасць вобласці – 95,5 %;
- ключавыя прадпрыемствы рэспубліканскай формы ўласнасці – 90 %;
- доля гэтых прадпрыемстваў у прамысловым блоку вобласці – 45-47 %.
Устойліва ў плюсе, паводле слоў Крутога, транспарт, гандаль, грамадскае харчаванне і энергетыка. І ніякага бінома Ньютана тут няма. Трымаецца тое, што возіць і прадае. Прасядае тое, што належыць дзяржаве непасрэдна і павінна вырабляць. Амаль палова прамысловасці вобласці – гэта рэспубліканская ўласнасць, і дае яна дзевяноста працэнтаў.
Асобны сюжэт – у выбары пляцоўкі. Пасяджэнне пра падзенне прамысловасці правялі на «Белшыне», прадпрыемстве, якое разам з «Магілёўхімвалакно» некалькі гадоў таму знікла са спісу найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў вобласці.
Потым Крутому паказалі дагледжаных, сімпатычных каровак, якія жывуць на прыгожых фермах. Вясёлыя і шчаслівыя сяляне ў кадр не трапілі.
Фота: «Магілёўскія ведамасці».
