З-за працяглага рамонту магілёўскай турмы №4 пакой прыёму перадач перанесены ў вагончык.
У турме, дзе ў адным комплексе размяшчаюцца следчы ізалятар і турэмны корпус, ужо некалькі месяцаў ідзе рамонт. Яго негатыўныя наступствы адчулі не толькі вязні ўстановы, а таксама іх сваякі.
Рамонтныя работы пачаліся яшчэ вясной. Спачатку будаўнікі заняліся адміністрацыйным корпусам, праз што змяніўся парадак доступу ў будынак. Калі ж чарга дайшла да памяшкання, дзе прымалі перадачы для зняволеных, то яго цалкам закрылі. Цяпер перадачы прымаюць у асобным вагончыку, усталяваным побач з будынкам турмы.
На першы погляд, гэта толькі часовая нязручнасць. Але для людзей, якія прыязджаюць перадаць неабходныя рэчы сваім родным, усё выглядае інакш. Калі збіраецца чарга, чакаць даводзіцца проста на вуліцы, прычым незалежна ад надвор’я. Калі ж новы парадак скасуюць і прыём перадач вернуць у звычайнае памяшканне, пакуль ніхто не паведамляе.
Тым часам рамонт у турэмным комплексе працягваецца. Установа ўжо абвясціла некалькі закупак на будаўнічыя і мантажныя работы. Сярод запланаванага – рамонт паста свабоднага акаравульвання, замена электрасілавога абсталявання, у тым ліку трансфарматараў, а таксама ўстаноўка новых электрамагнітных замкоў для арганізацыі прапускнога рэжыму.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
