Ігнат Дамейка

Дзень у гісторыі: 31 ліпеня. Перамога пад Лоевым. Нарадзіўся Ігнат Дамейка. Канец Літбел. Будаўніцтва «хрушчовак». Самападпал Аляксея Філіпчанкі

1640 год. Нарадзіўся Міхал Карыбут-Вішнявецкі.

Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі.

Апошні прадстаўнік малодшай лініі княжацкага роду Вішнявецкіх герба «Карыбут» (Гедзімінавічы). Яго валадаранне было няўдалым: аслабла каралеўская ўлада, дзяржава прайграла вайну з Асманскай імперыяй, страціла Падолле.

1649 год. Войска ВКЛ гетмана Януша Радзівіла разбіла 20-тысячнае казацкае войска ў бітве пад Лоевам.

Казакі пацярпелі цяжкае паражэнне. Страцілі больш за 10 тысяч чалавек. Войска Радзівіла таксама панесла значныя страты і адышло да Рэчыцы. Такім чынам, не выйшла нанесці ўдар у тыл асноўнаму войску Хмяльніцкага.

Гэты ўкраінскі гетман узняў паўстанне супраць Рэчы Паспалітай. З яго ініцыятывы быў заключаны саюз з Масковіяй у 1654 годзе. Пазней адумаўшыся, што пад царскай апекай нельга ўтварыць незалежнай дзяржавы, шукаў пагаднення з Трансільваніяй і Швецыяй.

 

1802 год. Нарадзіўся Ігнат Дамейка.

Беларускі, польскі і чылійскі навуковец, геолаг.

У 1819 уступіў у студэнцкі «Саюз сяброў», затым у Таварыства філаматаў разам з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Меў канспіратыўнае імя Жэгота, пад гэтым імем яго згадвае у паэме «Дзяды» Адам Міцкевіч.

Быў арыштаваны расійскімі ўладамі ў лістападзе 1823 года. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Па яго здушэнні вымушаны быў пакінуць родны край і большую частку жыцця аддаў краіне ў Паўднёвай Амерыцы – Чылі.

Нацыянальны герой Чылі. Яго імем названы ўніверсітэт у Чылі, вуліцы ў 10 гарадах гэтай краіны, а таксама ў Вільні, Навагрудку.

Таксама названыя ў яго гонар – малая планета, мінерал, некалькі відаў раслін і шмат іншага.

1817 год. Нарадзіўся Ігнат Храпавіцкі.

Паэт і фалькларыст, грамадскі дзеяч, руплівец вызвалення сялян ад прыгону.

Правадзейны член Віцебскага губернскага апякунства дзіцячых прытулкаў, член статыстычнага камітэту.

Аўтар працы «Погляд на паэзію беларускага народу» – першай гісторыка-параўнальнай характарыстыкі беларускай фальклорнай спадчыны.

1920 год. Спыніла існаванне Літоўска-беларуская ССР (Літбел, 27 лютага-31 ліпеня) і адбылося другое абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўнае ўтварэнне, якое з’явілася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі бальшавікоў 27 лютага 1919 шляхам аб’яднання часткі Беларусі і Літвы. Сталіцай была абвешчаная Вільня.

У красавіку-верасні 1919 тры чвэрці Літбелу былі занятыя польскімі войскамі. Органы ўлады квазідзяржавы часткова ліквідаваны паводле рашэння бальшавікоў.

Па падпісанні мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Літвой 12 ліпеня 1920 і другога абвяшчэння незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь 31 ліпеня 1920, Літбел юрыдычна спыніла існаванне.

Літбел

1957 год. Нараджэнне «хрушчовак».

ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову «Аб развіцці жыллёвага будаўніцтва ў СССР» з якой пачалася эпоха масавага буйнапанэльнага домабудавання.

У гарадах пачалі ўзводзіць мікрараёны стандартных пяціпавярховікаў з невялікімі кватэрамі – з «хрушчоўкамі».

Архітэктар адной з серыяў такіх дамоў Віталь Лагуценка нарадзіўся ў Магілёве.

1989 год. Нарадзілася Вікторыя Азаранка.

Беларуская тэнісістка. Экс-першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема, алімпійская чэмпіёнка.

Вікторыя

1998 год. Памёр Аляксей Філіпчанка.

Юрыст, праваабаронца. Нарадзіўся ў Наваполацку.

Пачаў прафесійную кар’еру ў раённай пракуратуры ў 1978 годзе, хутка стаў абласным следчым у асабліва важных справах. Спецыялізаваўся на «пярэваратнях»: пракурорах, суддзях, міліцыянтах. Удзельнік спецыяльнай групы пракуратуры СССР, што ў другой палове 1980-х займалася справай віцебскага маньяка Міхасевіча.

З прыходам да ўлады ў Беларусі Лукашэнкі публічна заяўляў, што праваахоўныя органы выйшлі з-пад кантролю грамадства.

Як праваабаронца дапамагаў адстойваць інтарэсы свабодным прафсаюзам і грамадскім структурам. Не здолеўшы абараніць адну з кліентак учыніў акт самаспалення на знак пратэсту супраць бяздзейнасці судовых чыноўнікаў. 23 дні знаходзіўся ў рэанімацыі.

← Усе навіны Магілёва