Палюбоўніца

«Утрымлівай хоць дваццаць, але за свой кошт». Чаму дачка касцюковіцкага чэкіста валодае гандлёвым цэнтрам у Мінску?

Напрыканцы лютага 2025 года на нарадзе аб новай сістэме рэгулявання цэн Лукашэнка разважаў пра тых, хто паводле дакументаў лічыцца жабраком, а жыве ў асабняку, трымае сем аўтамабіляў і дванаццаць палюбоўніц: «Я не супраць, утрымлівай хоць дваццаць, але за свой кошт». Праз месяц з невялікім, разбіраючы выдаткі спартыўных клубаў, ён паўтарыў тую ж думку кіраўнікам: родных, блізкіх і палюбоўніц трэба ўтрымліваць за свае грошы.

Як гэтая формула працуе на практыцы, паказвае новае расследаванне Беларускага расследавальніцкага цэнтра. І яно мае непасрэднае дачыненне да Магілёўшчыны.

Гаворка пра Алену Саўчанку, ураджэнку Бабруйска. Яе бацька ў сярэдзіне двухтысячных узначальваў раённы аддзел КДБ у Касцюковічах. 

У студзені 2005 года дваццацішасцігадовая Саўчанка, якая да таго значылася сакратаркай у прыватнай фірме, уладкавалася на Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод – ён працаваў побач з дзяржаўным прадпрыемствам «Граніт», адным з найбуйнейшых вытворцаў друзу ў Еўропе. Праз дзевяць месяцаў яна стала ўладальніцай сарака працэнтаў завода.

Расследавальнікі лічаць Саўчанку шматгадовай спадарожніцай Віктара Шэймана. Ён старэйшы за яе на дваццаць гадоў: у студзені 2005 года, калі дваццацішасцігадовая сакратарка ўладкоўвалася на завод, саракашасцігадовы Шэйман узначальваў Адміністрацыю Лукашэнкі, а да гэтага чатыры гады быў генеральным пракурорам. Сына Уладзіміра Саўчанка нарадзіла яшчэ раней, у 2002 годзе, у дваццаць чатыры гады і не будучы замужам. А яе маёмасць тым часам усё павялічвалася:

  • долі ў кампаніях групы «Гіперком»;
  • два памяшканні ў бізнес-цэнтры «Няміга Сіці» ў цэнтры Мінска;
  • дом і ўчастак у Раўбічах;
  • два ўчасткі ў Тарасаве, дзе пазней вырас катэдж амаль на семсот квадратных метраў;
  • два катэджы ў Вялікай Сляпянцы, атрыманыя ў падарунак у 2013 годзе;
  • кампанія «Куверадзеў», якой належыць буйны гандлёвы цэнтр у Мінску.

Расследавальнікі ацэньваюць даход ад гэтай нерухомасці прыкладна ў сто тысяч рублёў за месяц.

Шэйман – не шараговы чыноўнік, які выпадкова трапіў у нязручнае расследаванне. Ён адказваў за бяспеку Лукашэнкі яшчэ на выбарах 1994 года, потым быў дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі, генеральным пракурорам, кіраўніком Адміністрацыі і кіраўніком спраў дзеда.

У лютым 2004 года даклад ПАРЕ «Зніклыя людзі Беларусі» назваў яго сярод высокапастаўленых чыноўнікаў, датычных да знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, а ў верасні таго ж года Еўрасаюз, ЗША і Канада закрылі яму ўезд. Гэта чалавек, які захоўвае шкілеты ў шафе Лукашэнкі і з’яўляецца саўдзельнікам яго злачынстваў. Такому не адмаўляюць у просьбе прыкрыць любоўныя сувязі.

У 2008 годзе паходжаннем маёмасці сяброўкі Шэймана зацікавілася МУС і ўзбудзіла дзве крымінальныя справы: пра падроблены дыплом пры працаўладкаванні і пра чатыры ўчасткі ў Тарасаве, выдзеленыя без аўкцыёну. Зямля там – адна з самых дарагіх у краіне.

Справу пра дыплом закрылі – Саўчанка прызнала, што ён фальшывы. Участкі засталіся ў яе, а старшыня сельсавета, які іх выдзяляў, атрымаў чатыры гады калоніі. Былы начальнік аддзела МУС па барацьбе з карупцыяй Вячаслаў Дудкін сцвярджае, што праверку даходаў згарнулі пасля ўмяшання Віктара Шэймана.

Сувязяў з Шэйманам расследавальнікі налічылі нямала. Сын Алены, Уладзімір, нарадзіўся ў 2002 годзе. У графе «бацька» значыцца Віктар Уладзіміравіч Саўчанка – чалавек, якога няма ў пашпартнай базе: яго даныя не прывязаныя ні да аднаго сапраўднага пашпарта, затое супадаюць з данымі Віктара Шэймана.

Сын Саўчанкі Уладзімір заканчваў школу ў швейцарскім Institut auf dem Rosenberg – самым дарагім прыватным пансіёне свету. Чатыры гады навучання там каштуюць каля васьмісот тысяч долараў.

А Касцюковіцкі раён, дзе служыў бацька Алены Саўчанкі, дагэтуль лічыцца адным з самых дохлых у вобласці: мясцовы РАУС арганізуе там талаку, зганяючы на прыбіранне вуліц жыхароў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Падзельнікі Лукашэнкі ігнаруюць указанні дзеда ўтрымліваць палюбоўніц за свой кошт і разлічваюцца з імі дзяржаўнымі актывамі.

Фота – скрыншот фільма-расследавання.

← Усе навіны Магілёва