МІГ

Магілёўцы асцерагаюцца пісаць у новы чат-бот “Магілёў у МІГ”

Пасля з’яўлення інфармацыі аб магчымым у будучым пакаранні за “неабгрунтаваныя” скаргі, магілёўскія ўлады стварылі чат-бот для зваротаў грамадзян.

“МІГ – гэта мабільны індыкатар горада. Простымі словамі: гэта ваш канал сувязі з гарадскімі службамі. Тут вы можаце паведаміць аб праблемах, звязаных са сферай жыллёва-камунальнай гаспадаркі і працай транспарту ў Магілёве”, – гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала “Магілёў – мой горад”, які належыць гарвыканкамаўскай газеце “Веснік Магілёва”.

Для таго, каб даслаць зварот, трэба апісаць сітуацыю, падаць свае даныя і кантакт, прымацаваць фота або відэа. 

Аднак такое паведамленне магчымай хуткай сувязі з мясцовымі ўладамі не выклікала захаплення. У нешматлікіх каментарах да паведамлення адна з карыстальніц шчыра выказала апасенне, што за такую скаргу, у святле апошніх веянняў зверху, яшчэ можа быць пакараным.

“А караць за зварот не будуць? Ну тыпу злоўжыванне зваротамі або дыскрэдытацыя” – пытаецца яна. Паводле яе, раней толькі ліст на сайт Лукашэнкі дапамагаў. “Але цяпер усё інакш. Скардзіцца нельга. Можа выкруціцца ўсё так як быццам я сказала няпраўду або перабольшыла. Сем разоў адмерай – адзін раз адрэж” – адзначае жанчына.

Ідэю пакаранняў за “недакладную інфармацыю” ў сацсетках прасоўвае старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Паводле яе, яна ўжо атрымала згоду на такія заканадаўчыя змены ад беларускага дыктатара.

Фотаздымак: @Mogilev_MIG_bot

← Усе навіны Магілёва