Быхаўскія прапагандысты выпусцілі рэкламны ролік пра лічбавізацыю ў мясцовай сельскай гаспадарцы. Гаспадарку для здымак выбралі тую самую, якой два гады таму ўсур’ёз займалася пракуратура.
У TikTok раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя» з’явілася відэа з заклікам забыцца на старыя стэрэатыпы: сучасная сельская гаспадарка Быхаўшчыны, паводле версіі аўтараў, выбірае лічбавізацыю і высокія тэхналогіі. Гледачу паведамляюць пра:
- поўную аўтаматызацыю;
- камфортныя ўмовы ўтрымання скаціны і людзей;
- стопрацэнтнае айчыннае абсталяванне, з якім упэўнена спраўляецца маладое пакаленне.
Ролік здымалі на малочна-таварным комплексе «Юбілейны» КУП «Макранскі АГРА» каля аграгарадка Мокрае. Само прадпрыемства зарэгістравана толькі 28 жніўня 2023 года, а да гэтага называлася філіялам «Макранскі» і належала ААТ «Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод» – таму самому, якое “моцныя гаспадарнікі” дзесяцігоддзямі спрабавалі выратаваць, давялі да банкруцтва, а антыкрызіснага кіраўніка адправілі ў калонію на 7,5 года.
Галоўны ветэрынарны ўрач раёна запатрабаваў ад «Макранскага» абсталяваць новы жывёльны могільнік. Кіраўнік гаспадаркі адказаў, што будаўніцтва на малочна-таварнай ферме «Баркалабава» завершаць у студзені 2024 года. Не было зроблена нічога, у лютым 2024-га давялося ўмешвацца пракуратуры, а раённая ветстанцыя выкананне ўласнага прадпісання не пракантралявала і вінаватых не пакарала.
Кіраўніка, які тады даваў абяцанне, завуць Юрый Максімавіч Лявіцкі. Да Быхава ён працаваў у Хоцімскім раёне: з 2014 года быў галоўным інжынерам ААТ «Бабушкін падворак» – гаспадаркі, якая ўваходзіць у «Бабушкину крынку». Ён пяць гадоў запар прызнаваўся найлепшым галоўным інжынерам сярод сельскагаспадарчых арганізацый Хоцімшчыны.
У Мокрым ён узначаліў гаспадарку яшчэ ў статусе філіяла і застаўся дырэктарам пасля ператварэння яе ў раённае камунальнае прадпрыемства. Намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі – Алена Лявіцкая.
Унікальным дасягненнем Быхаўшчыны комплекс выглядае толькі ў роліку. Трыццатага снежня 2025 года ў Магілёўскай вобласці адкрылі адразу сем малочна-таварных комплексаў – у Магілёўскім, Горацкім, Дрыбінскім, Быхаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім і Кіраўскім раёнах, а ўсяго за год – дзевяць. Першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі растлумачыў дату проста: маштабную праграму прымеркавалі да свята, да Новага года. Па аб’ектах раз’ехаліся члены аблвыканкама, памочнік Лукашэнкі і “дэпутаты” – падзякаваць будаўнікам, банкірам і гаспадаркам.
Банкіраў у гэтым пераліку згадалі не дзеля красамоўства. Схема фінансавання такая: на дзесяць будаўнічых і рэканструяваных комплексаў вобласць траціць 207,8 мільёна рублёў, з іх 60 працэнтаў – ільготныя крэдыты, а астатняе гаспадаркі дабіраюць уласнымі сродкамі або крэдытамі на агульных падставах. То бок прадпрыемства, у якога два гады таму не знайшлося грошай на жывёльны магільнік, увайшло ў будаўніцтва з крэдытнай нагрузкай.
Наколькі ўпэўнена спраўляецца маладое пакаленне, відаць па лічбе, якую сама Алена Лявіцкая назвала ў красавіку 2026 года: укамплектаванасць комплексу – амаль 90 працэнтаў. Праз чатыры месяцы пасля ўрачыстага адкрыцця статак на 756 кароў усё яшчэ не набраны.
Стэрэатып, які раённая газета прапануе забыць, зусім не ў тым, што на быхаўскіх фермах не бывае кліматычнага кантролю і аўтаматычнай раздачы кармоў. Там яшчэ здараецца і зіма, а ўжо яна пакажа, што і як там з кліматычным кантролем. Бо можа здарыцца так, што пытанне з жывёльным магільнікам застанецца актуальным.
Фота – скрыншот відэа.
