прызыўнік

Жыхар Слаўгарадчыны хаваўся ў Расіі ад ваенкамата

Менш за год не хапіла жыхару Слаўгарадскага раёна, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад прызыву ў беларускае войска.

Малады чалавек тройчы пазбягаў крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выканання ганаровага абавязку, дзякуючы амністыям. Аднак чарговая спроба схавацца ад ваенкамата завяршылася прысудам.

Апошні раз яму пашанцавала 8 траўня 2025 года. Суд вызваліў яго ад адказнасці ў сувязі з амністыяй да 80-годдзя перамогі ў нямецка-савецкай вайне. Пад яе дзеянне хлопец трапіў як пацярпелы ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Але доўга карыстацца свабодай яму не давялося. Ужо праз тры тыдні пасля спынення справы прызыўніку ўручылі новую позву ў ваенкамат. Яго папярэдзілі пра магчымую адказнасць, аднак у прызначаны дзень ён не з’явіўся.

Як высветлілася пазней, хлопец вырашыў перачакаць у Маскве. У судзе ён прызнаў, што наўмысна выехаў у Расію, каб не праходзіць мерапрыемствы па прызыве. Разлік быў нескладаны: яму ўжо споўнілася 26 гадоў, а да заканчэння прызыўнога ўзросту заставалася менш за год. Аднак у Маскве яго затрымалі расійскія паліцыянты, паколькі беларус ужо знаходзіўся ў вышуку.

У судзе Слаўгарадскага раёна абвінавачаны цалкам прызнаў віну. На гэты раз чарговай амністыі не здарылася. Суд прызначыў яму адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Акрамя таго, хлопец павінен кампенсаваць выдаткі на свой вышук – 1350 рублёў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Фотаздымак: pinterest.com

← Усе навіны Магілёва