Палітвязню шклоўскай калоніі №17 Вадзіму Здаравеннаву пагражае новы суд па некалькім палітычным артыкулам.
Як даведаліся праваабаронцы цэнтра “Вясна”, на гэты раз палітвязню інкрымінуюць некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі. Гэта “арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці”, а таксама “незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных”. Справа датычыцца каментарыяў і фотаздымкаў, якія, як сцвярджаецца, былі знойдзеныя ў яго ноўтбуку.
У цяперашні час Вадзіма Здаравеннава ужо вывезлі са шклоўскай калоніі ў СІЗА №1 у Калядзічы каля Мінску.
Да прысуду Вадзім жыў у Мінску і быў затрыманы неўзабаве пасля арышту свайго брата Алеся. Першапачаткова яму інкрымінавалі абразу беларускага дыктатара, аднак пазней сталі вядомыя і іншыя магчымыя эпізоды. 10 лістапада 2025 года ён быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 10 лютага 2026 года апеляцыйная інстанцыя пакінула прысуд без зменаў. Першы тэрмін пакарання павінен быў скончыцца ў лістападзе гэтага года.
Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”
