Жыхар Краснаполля патэлефанаваў у раённую газету з простым пытаннем: чаму яго вуліца заасфальтавана напалову. На вуліцы Піянерскай адна частка роўная, другая гравійная, і пасля дажджу другая ператвараецца ў лужыны і бруд.
Адказ раённай улады аказаўся змястоўнейшым за само пытанне. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Таццяна Смолка патлумачыла, што асфальт паклалі некалькі гадоў таму ў рамках планавых работ, а другая палова вуліцы тады выглядала надзейна, у радыкальных мерах не мела патрэбы і магла яшчэ паслужыць у ранейшым статусе.
Гэта значыць вуліцу першапачаткова рамантавалі не цалкам, а да той мяжы, дзе пакрыццё яшчэ трымалася.
Далей пачынаецца працэдура. У плане на гэты год Піянерскай няма. У канцы года камісія правядзе чарговае абследаванне вуліц раёна. Калі спецыялісты вырашаць, што гравійная палова вычарпала рэсурс, будзе разгледжана пытанне аб уключэнні ўчастка ў пералік аб’ектаў рамонту на 2027 год. Тры ўмовы запар – і ніводнага тэрміну.
Адбіраюць у гэты пералік, як патлумачылі ў райвыканкаме, тыя ўчасткі, дзе сітуацыя найбольш крытычная. Логіка зразумелая: грошай на ўсё не хапае, рамантуюць горшае. Але ў яе ёсць пабочны эфект, які ў Краснаполлі відаць літаральна ў межах адной вуліцы.
Пакуль гравійка праязная, яна не трапіць у спіс. Трапіць яна туды ў той год, калі стане непраязной. Адзіны спосаб жыхарам наблізіць рамонт – дачакацца, каб дарога сапсавалася канчаткова.
І яшчэ адно. Роўная палова Піянерскай даказвае, што рамантаваць вуліцу раён умее і грошы на гэта калісьці знайшліся.
Справа не асфальце, а ў мяжы, на якой ён заканчваецца. Дзякуючы шматлікай арміі чыноўнікаў у райвыканкамах, гэтая мяжа праходзіць праз усю Беларусь.
Фота раённай газеты.
